СДМ у Панаме: біскупы чакаюць дапамогі дзяржавы |
31.08.2016 13:58 |
Іерархі Каталіцкага Касцёла ў Панаме спадзяюцца, што дзяржава дапаможа ім у арганізацыі Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у гэтай краіне ў 2019 годзе. У заявах для мясцовых СМІ біскупы Панамы падкрэслілі, што яны чакаюць, што дапамога будзе ў першую чаргу фінансавай. «Прыняцце многіх пілігрымаў з усяго свету, будзе для нас вялікай праблемай. Гэта самае масавае мерапрыемства, якое будзе арганізавана ў гісторыі нашай краіны. Я лічу, што з дапамогай дзяржаўнай улады мы пераадолеем гэтыя цяжкасці. Мы маленькая краіна, але разам можам рабіць вялікія справы», — заўважыў Мітрапаліт Панамы арцыбіскуп Хасэ Дамінга Улоа Мендзьета.
Касцёльныя ўлады Панамы распавялі, што задоўга да абвяшчэння краіны, якая будзе прымаць СДМ у 2019 годзе, у гэтай краіне была праведзена ацэнка магчымасці правядзення мерапрыемства. Вынікі былі станоўчымі. На іх і было заснавана канчатковае рашэнне Ватыкана. Першыя захады па падрыхтоўцы СДМ у гэтай краіне пачнуцца ўжо напрыканцы гэтага года. Сваю дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства ўжо прапанаваў Прэзідэнт Панамы Хуан Карлас Варэла, які разам са сваёй жонкай адправіўся ў ліпені ў Польшчу, каб прысутнічаць на афіцыйным аб’яўленні Папам Францішкам Панамы як наступнага гаспадара СДМ. Паводле Deon.pl (MV) |