Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Акцёр Эдзі Мёрфі: «Я перакананы, што Бог існуе»
01.09.2016 14:48

Адзін з найбольш вядомых амерыканскіх комікаў рэдка дае інтэрв’ю. Таму паўгадзінную размову з карэспандэнтам «Hollywood Reporter» можна назваць «споведдзю». Частка выказванняў — таксама і пра Бога.

Акцёр нарадзіўся ў Брукліне, у яго было няпростае дзяцінства. Адзін з мужчын, з якім сустракалася яго маці, забіў яго біялагічнага бацьку. Неўзабаве пасля гэтага Эдзі і яго брат Чарлі патрапілі ў прыёмную сям’ю.

Затое з ранняга дзяцінства не Эдзі заліваўся слязьмі, а хутчэй тыя, хто быў у «полі зроку» яго бясконцых жартаў. Ён пачынаў з пародый на людзей у аўтобусе, якім ездзіў у ліцэй, каб праз год пасля яго заканчэння апынуцца ў пастаяннай трупе «Saturday Night Live» — надзвычай папулярнага тэлешоў у Злучаных Штатах.

Яго далейшая кар’ера — гэта перыяд поспеху ў кіно («Бэвэрлі-Хілс», «48 гадзін»), якая пачала заканчвацца ў 1990-я гады, нягледзячы на яго незабыўныя дубляваныя ролі ў «Шрэку».

«На мой погляд, у мяне не было дрэннага, слабога або няўдалага фільма», — прызнаецца Мёрфі, з жартам дадаючы, што за кожны з іх ён атрымаў шчодры ганарар. Таксама акцёр здзівіў слухачоў, прызнаўшыся, што зусім не ўжывае алкаголь.

У яшчэ большы ступар ён увёў слухачоў аповедам пра сваё стаўленне да наркотыкаў і іншых спакус, якія атачалі яго, калі ён стаў зоркай Галівуда. «Калі мне было 18 гадоў, я пайшоў у блюз-бар. Там былі Робін Уільямс, Джон Белушы і Дэн Эйкройд. Белушы і Робін Уільямс прапанавалі мне какаін, а калі я адмовіўся, Белушы сказаў, што я не разумею гумару». І Белушы, і Уільямс пазней наклалі на сябе рукі — першы праз перадазіроўку какаіну.

«Я захапляўся гэтымі двума хлопцамі, мне было 18 гадоў. У рэшце рэшт я мог пайсці лёгкім шляхам, сказаўшы: “Ды што там!” — і паспрабаваць. Але гэтага не адбылося».

Паводле слоў акцёра, «было багата такіх сітуацый, калі прыгадваеш мінулае і думаеш: «Вау! Гэта тое, што змяняе маю веру. Я ведаю, што Бог існуе. У мяне было вельмі шмат магчымасцяў для таго, каб нашкодзіць сабе самому, параніцца або апячыся»

Паводле CREDO, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.