У Пакістане талібы напалі на хрысціянскае паселішча |
02.09.2016 15:02 |
Група тэрарыстаў напала раніцай 2 верасня на хрысціянскае паселішча недалёка ад Пешавара, што на паўночным захадзе Пакістана. «У выніку перастрэлак загінулі чацвёра тэрарыстаў і адзін хрысціянін», — паведамілі ваенныя і паліцэйскія крыніцы.
Падчас нападу былі паранены трое ахоўнікаў і двое цывільных. Прадстаўнік пакістанскай арміі генерал Асім Баджва распавёў, што атака была хутка адбіта і зараз сілы бяспекі шукаюць магчымых саўдзельнікаў. Асім Баджва заўважыў, што падчас перастрэлкі былі забіты чатыры тэрарысты, якія мелі на сабе паясы Шахіда. Па словах прадстаўніка мясцовай паліцыі, на тэрыторыю хрысціянскага паселішча праніклі чатыры тэрарысты, якія мелі намер ажыццявіць тэракт; адзін з іх прыйшоў у касцёл, але ў ім на той час не было вернікаў. Тэрарысты, між тым, забілі аднаго хрысціяніна. Прадстаўнік лакальнай паліцыі падкрэсліў, што хуткая рэакцыя грамадзянскай гвардыі і сіл бяспекі прадухіліла большыя ахвяры. Адказнасць за напад узяла на сябе пакістанская фракцыя Талібана, арганізацыя пад назвай «Джамаат-Ур-Ахрара». Паводле Deon.pl (MV) |