11 верасня — беатыфікацыя «апостала Казахстана» кс. Уладзіслава Букавінскага |
06.09.2016 09:53 |
11 верасня ў Карагандзе адбудзецца беатыфікацыя выдатнага дзеяча ХХ стагоддзя, «апостала Казахстана» кс. Уладзіслава Букавінскага.
Будучы святар нарадзіўся ў 1904 годзе ў Бердычаве на Кіеўшчыне. Вывучаў права ў Ягелонскім універсітэце. Адначасова вучыўся ў Польскай школе палітычных навук пры юрыдычным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта. Тэматыка лекцый уключала ў сябе грамадскія адносіны ў савецкай Расіі, грамадскія і палітычныя аспекты ісламу, дыпламатычную гісторыю «ўсходняга пытання» і дыпламатычнае права, што аказала свой уплыў на далейшае служэнне святара на тэрыторыі СССР.
У 1926 годзе паступіў у Кракаўскую духоўную семінарыю і пачаў вывучаць тэалогію ў Ягелонскім універсітэце. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у кракаўскай катэдры на Вавелі ў 1931 годзе з рук Мітрапаліта Кракаўскага Адама Сапегі.
У Сухой Бяскідскай святар клапаціўся пра хворых і бедных, а таксама арганізаваў таварыства «Адраджэнне», куды ўваходзіла моладзь, якая вучылася ў Кракаве і жыла ў Сухой Бяскідскай.
У 1936 годзе атрымаў гадавы адпачынак і па ўласным жаданні паехаў да ўсходніх межаў. Вярнуўшыся, звярнуўся да Мітрапаліта Кракаўскага Адама Сапегі з просьбай працягнуць водпуск яшчэ на два гады, каб працягнуць вучобу ў Луцку і аб пераводзе з Кракаўскай архідыяцэзіі ў Луцкую дыяцэзію.
З 1936 года выкладаў катэхетыку і сацыялогію ў Луцкай духоўнай семінарыі, а ў 1938 годзе стаў сакратаром дыяцэзіяльнага інстытута Каталіцкага дзеяння і адначасова рэдактарам часопіса «Sруjnia», а таксама дырэктарам Вышэйшага інстытута рэлігійных ведаў і намеснікам рэдактара выдання «Zycie Katolickie». У верасні 1939 года — пробашч луцкай катэдры.
Арыштаваны НКУС 22 жніўня 1940 года і знаходзіўся ў луцкай турме да 26 чэрвеня 1941 года. Восенню 1942 года з дапамогай сясцёр бэнэдыктынак арганізаваў харчовую дапамогу для палонных. Ад нямецкіх уладаў атрымаў дазвол на ўдзел зняволеных у набажэнствах.
У 1945 годзе арыштаваны савецкай уладай і абвінавачаны ў здрадзе СССР на карысць Ватыкана. Асуджаны на дзесяць гадоў выпраўленчых лагероў.
Нягледзячы на цяжкую фізічную працу, знаходзіў час для наведвання хворых у турэмным шпіталі, дзе ўдзяляў ім сакрамэнты і праводзіў рэкалекцыі на розных мовах. Штодзённую Эўхарыстыю цэлебраваў вельмі рана, калі ўсе яшчэ спалі.
Пасмяротна кс. Уладзіслаў Букавінскі быў узнагароджаны Камандорскім крыжам і ордэнам Адраджэння Польшчы. (IL)
|