Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сірыйскі езуіт пра трагічны лёс сучаснай Сірыі
08.09.2016 09:30

«Самая вялікая праблема на сёння ў Сірыі — гэта пакаленне, якое нарадзілася і расло ў перыяд вайны і страціла вельмі шмат магчымасцяў, якія дазволілі б яму быць добрым пакаленнем, быць добрай моладдзю, якая будзе весці Сірыю наперад», — кажа сірыйскі езуіт а. Тоні Хомсі SJ у інтэрв’ю Jezuici.pl.

Езуіты маюць доўгую гісторыю прысутнасці на Блізкім Усходзе. Першая супольнасць прыбыла ў Алепа ў першым стагоддзі існавання Таварыства Езуса (заснавана ў 1534 г.).

Місія езуітаў на Блізкім Усходзе вельмі разнастайная. Яны маюць школы ў Марока, Егіпце і Ліване. Установы працуюць нават нягледзячы на сірыйскі, а да гэтага іракскі ваенны крызіс. Дзейнічае Езуіцкая служба на карысць бежанцаў. «Гэта вельмі важны элемент нашай сучаснай місіі, асабліва ў Ліване і Сірыі, — падкрэслівае а. Тоні Хомсі. — Мы займаемся таксама душпастырствам».

Па словах святара, для сірыйскіх езуітаў крызіс у Сірыі з’яўляецца хаджэннем па тонкім лёдзе. «Будучыня нашай краіны вельмі незразумелая, — тлумачыць а. Хомсі. — У нас атрымалася захаваць нейтральнасць і глыбокае супрацоўніцтва з кожным з бакоў крызісу. Мы ніколі не аддавалі перавагу адным за кошт іншых».

«Мяркую, што наш крыж у Сірыі мы нясём праз прабыванне з кожным. Калі маеш аднабаковыя прэферэнцыі — прайграеш. Канчаткова. Таму мы таксама адкрываем хрысціянскае грамадства для мусульман. У рэшце рэшт, мы жылі разам мірна многія стагоддзі, і таму галоўнае ў час крызісу — несці пасланне ўсім, што мы па-ранейшаму з’яўляемся братамі», — дадаў сірыйскі езуіт.

Айцец Тоні Хомсі SJ заклікае па-новаму паглядзець на поўны вобраз трагічнай гісторыі Сірыі.

Паводле deon.pl
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.