«У Бога тут немагчыма не верыць»: Патрыярх Кірыл наведаў аленяводаў на Чукотцы |
08.09.2016 11:44 |
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведаў аленяводчую брыгаду №1 прадпрыемства «Канчаланскі» на Чукотцы. Праваслаўны іерарх перадаў людзям Біблію, ікону і іншыя падарункі, а таксама ўзнагародзіў царкоўным ордэнам шматдзетную маці. «У Бога тут немагчыма не верыць. Але асаблівы Божы дар даецца падчас хросту. Дзяцей абавязкова трэба хрысціць», — сказаў Патрыярх, звяртаючыся да гаспадыні аднаго з ярангаў (шацёр у тундры — заўв. Catholic.by), у сям’і якой 11 дзяцей. Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы (далей — РПЦ) уручыў ёй таксама царкоўны ордэн за любоў да дзяцей. «Вельмі прыемна прыляцець да вас, паглядзець на вашыя твары. Вы — моцныя людзі, а моцны чалавек — апора жыцця, народа і дзяржавы. Буду гаварыць у Маскве: бярыце прыклад з чукоцкага народа, які не баіцца жыць у тундры», — адзначыў Патрыярх Кірыл. У ярангу іерарха пачаставалі мясам аленя, гарбатай і аладкамі. Гаспадары расказалі госцю пра побыт аленяводаў і падарылі нацыянальны мяч з лямца. Патрыярх Кірыл у сваю чаргу падарыў аленяводам Біблію, дзіцячую літаратуру, ікону з выявай Хрыста, а таксама цукеркі і карысныя прадметы, у прыватнасці, ліхтарыкі і біноклі. Затым госцю паказалі статак, і Патрыярх уласнаруч пакарміў аленя соллю. Аленяводчая брыгада №1 прадпрыемства «Канчаланскі» размясцілася ў тундры прыкладна ў 45 хвілінах лёту на верталёце ад чукоцкай сталіцы Анадыра. Пагалоўе аленяў дасягае тут 3,3 тысяч галоў, аленяводы жывуць у чатырох ярангах. |