Манету часоў ранняга хрысціянства знайшлі ў Ерузалеме |
14.09.2016 12:34 |
Ізраільскія і амерыканскія археолагі выявілі на гары Сіён аўрэй – унікальную залатую манету часоў імператара Нерона, якая магла належаць аднаму з іўдзейскіх святароў, чый дом быў разбураны падчас рымскіх пагромаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўніверсітэта Паўночнай Караліны ў Шарлоце. «Падобная манета мела вялікую каштоўнасць, і яе ўладальнік наўрад ці выкінуў яе або выпадкова згубіў. Хутчэй за ўсё, яна аказалася на вуліцы побач з гэтымі пабудовамі ў выніку хаосу, які панаваў у Ерузалеме ў той момант, калі гэты раён горада знішчаўся рымлянамі», — распавёў Шыман Гібсан з універсітэта Караліны. Шыман Гібсан і яго калегі з універсітэтаў ЗША і Ізраіля праводзілі раскопкі на схілах гары Сіён, дзе ў часы Другога Храма размяшчаліся самыя багатыя кварталы, у якіх жылі найбольш уплывовыя людзі Ізраіля, а таксама святары. Увесь горад быў знішчаны рымлянамі ў 70 годзе нашай эры па загадзе імператара Ціта. Гэта было пакаранне за паўстанне, якое іўдзеі паднялі супраць імперыі ў 66 годзе. За апошнія некалькі гадоў раскопак навукоўцы змаглі адкрыць некаторыя таямніцы жыцця старажытнага Ерузалема, знайшоўшы на Сіёне разваліны вялікай сядзібы, рытуальнага іўдзейскага басейна для абмывання, лазні і іншых слядоў жыцця багатых людзей і святароў у гэтым раёне. Унікальную манету (аўрэй) археолагі знайшлі за сценамі гэтага маёнтка, сярод смецця і груды камянёў. На манеце быў адбіты партрэт імператара Нерона. Надпісы на манеце дапамаглі вучоным вызначыць час яе чаканкі – 56 або 57 год нашай эры. Паводле ria.ru, (MV) |