Неапаль: паўтарыўся цуд св. Януарыя |
20.09.2016 11:57 |
Як і штогод, 19 верасня паўтарыўся цуд святога Януарыя. Запёкшаяся кроў апекуна Неапаля, якая захоўваецца ў дзвюх ампулах у мясцовай катэдры, стала вадкай падчас малітвы сабраных у святыні вернікаў, якія сустрэлі цуд апладысментамі. Кроў святога Януарыя становіцца вадкай звычайна некалькі разоў у год, перш за ўсё ў літургічны ўспамін святога — 19 верасня, але здараецца гэта таксама ў маі, снежні ці ў іншы час. З’ява даследавалася шмат разоў, але да сёння не вядома, што выклікае гэты працэс. Святы Януарый каля 300 г. быў біскупам Беневента або Неапаля. Яго біскупства прыпала на перыяд жорсткага пераследу хрысціян пры імператары Дыяклетыяне. Януарый самаахвярна наведваў у вязніцах сваіх адзінаверцаў і падтрымліваў іх духоўна. Разгневаны яго смеласцю намеснік асудзіў біскупа на смерць. Спачатку Януарыя жыўцом укінулі ў палаючую печ, але агонь не пашкодзіў яму. Тады яго аддалі на разарванне львам, але львы лагодна ляглі каля яго ног. Урэшце Януарыю і сямі яго паплечнікам 19 верасня 305 г. адсеклі галовы. Адбылося гэта пад Неапалем. Рэліквіі мучанікаў з прычыны наездаў варвараў часта перавозіліся і захоўваліся ў розных месцах. У канцы XV стагоддзя яны трапілі ў катэдру ў Неапалі, дзе захоўваюцца да сёння. |