Памёр ватыканскі экзарцыст а. Габрыэль Аморт |
20.09.2016 15:32 |
Айцец Габрыэль Аморт — адзін з найбольш вядомых экзарцыстаў у свеце — адышоў у вечнасць 16 верасня. За сваё доўгае жыццё святар здзейсніў тысячы экзарцызмаў. Ён прысвяціў сябе не толькі барацьбе з сатаной, але і перакананню людзей у тым, што ён існуе. Бо, як сцвярджае экзарцыст, самым вялікім подступам сатаны з’яўляецца перакананне людзей у тым, што яго няма. У адным са сваіх апошніх інтэрв’ю а. Габрыэль Аморт указваў на шляхі, якімі сатана ўваходзіць у чалавека: «Д’ябал можа захапіць нас самымі рознымі спосабамі: калі мы ідзём да магаў, варажбітак або калі бярэм удзел у спірытычных сеансах. (...) Каб абараніць сябе ад сатаны, трэба маліцца аб вызваленні. Хтосьці сам можа вызваліцца ад злога з дапамогай малітвы і посту, хоць — падкрэсліваю — экзарцызм у гэтым з’яўляецца вялікай дапамогай». У размове рымскі экзарцыст звяртаў увагу і на тое, што Маці Божая мае фундаментальнае значэнне ў барацьбе з сатаной. «Калі заклікаеш да Яе падчас экзарцызму — як у малітве аб аздараўленні, так і аб вызваленні, — сатана адразу рэагуе», — засведчыў святар. Айцец Габрыэль Аморт указваў і на своеасаблівыя сімптомы, якімі вылучаюцца асобы, апантаныя злым духам: яны могуць гаварыць на незнаёмых мовах або прынамсі разумець іх (у практыцы а. Аморта быў выпадак, калі падчас экзарцызму асобе задавалі пытанні на італьянскай, нямецкай, харвацкай, польскай і арабскай мовах, і асоба разумела пытанні, хоць адказвала толькі па-італьянску), могуць ведаць штосьці сакрэтнае, могуць валодаць незвычайнай сілай, можа з’яўляцца агіда да святога (апантаныя пачынаюць зняважліва казаць пра Бога, выкідваюць асвячоныя рэчы з дому, перастаюць хадзіць у касцёл). Экзарцызм — гэта аўтарызаваная Касцёлам публічная малітва святара, прызначанага біскупам, мэта якой — вызваленне ад сатаны і яго злога ўплыву, а таксама ад зла, якое ён учыніў. Паводле CREDO |