Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пошта Ізраіля даставіла да Сцяны Плачу лісты, адрасаваныя Богу
22.09.2016 11:38

Генеральны дырэктар Пошты Ізраіля Дэнні Гальдштэйн перад восеньскімі святамі па іўдзейскім календары перадаў главе адміністрацыі Сцяны Плачу рабіну Шмуэлю Рабіновічу лісты, напісаныя на імя Бога.

Пасланні будуць змешчаны паміж камянямі галоўнай іўдзейскай святыні. Пра гэта паведамляе ТАСС. У Пошце Ізраіля ўдакладнілі, што сярод іх лісты з Ізраіля, Расіі, Кітая, Францыі, Нігерыі, Іспаніі, Нідэрландаў, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Сотні падобных пасланняў штогод накіроўваюцца з усяго свету ў Ізраіль. Адрасатам на іх пазначаны «Бог», «Езус», «Айцец наш Нябесны» і «Сцяна Плачу». Большасць з гэтых лістоў, з-за адсутнасці подпісу адпраўшчыка, «перанакіроўваюцца ў аддзел страчанай карэспандэнцыі, які затым — раз на некалькі месяцаў — перадае іх для размяшчэння паміж камянямі Сцяны Плачу», паведамілі ў прэс-службе ізраільскай пошты.

Сцяна Плачу — галоўная іўдзейская святыня. Гэта частка заходняй сцяны іўдзейскай святыні ў Ерузалеме, разбуранай рымлянамі ў 70 годзе н.э. Вышыня сцяны складае 15 метраў. Большая яе частка была пабудавана пры Ірадзе Вялікім. Здаўна існуе традыцыя ўкладаць паміж камянямі гэтай сцяны малітоўныя запіскі.

Лічыцца, што такі кавалак паперы з малітвай да Найвышэйшага нельга выкідваць. Штогод перад яўрэйскай Пасхай сцяну ачышчаюць ад запісак і хаваюць іх на бліжэйшых могілках.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.