Мітрапаліт Іларыён выдаў першую кнігу сваёй фундаментальнай працы пра Хрыста |
22.09.2016 13:44 |
Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён напісаў кнігу «Начало Евангелия», якая з’яўляецца першай у серыі з шасці кніг пад агульнай назвай «Иисус Христос. Жизнь и учение». Кніга з’яўляецца першай у гісторыі сістэматычнай працай пра Хрыста праваслаўнага іерарха і вучонага. На старонках першага тома чытач акунецца ў атмасферу жыцця, місіі, пакутаў і ўваскрасення Езуса з Назарэта. Сучаснай і зразумелай мовай аўтар малюе вобраз Бога і Збаўцы хрысціян і прадстаўляе Яго вучэнне. Уся серыя носіць біяграфічны характар, бо яе цэнтральнай тэмай з’яўляецца чалавечая гісторыя Езуса. Аўтар ставіць за мэту аднавіць жывы вобраз Езуса Хрыста на падставе існуючых крыніц і прадставіць Яго вучэнне так, як яно адлюстравана ў Евангеллях. Асаблівая ўвага ў першай кнізе надаецца рысам характару і светаўспрыманню Хрыста, асаблівасцям Яго мовы. Серыя «Иисус Христос. Жизнь и учение» будзе працягнута кнігамі «Нагорная проповедь», «Чудеса Иисуса», «Притчи Иисуса», «Агнец Божий. Иисус в Евангелии от Иоанна», «Смерть и воскресение». Фундаментальная шасцітомная праца паклікана адказаць на галоўныя пытанні пра Езуса Хрыста: «Што Езус прынёс людзям і чаму Ён патрэбны сучаснаму чалавеку? Мінула дзве тысячы гадоў з тых часоў, калі Ён жыў і навучаў: чаму Яго вобраз і пропаведзь па-ранейшаму актуальныя? Што Езус можа даць нам, якія жывуць у ХХІ стагоддзі, з усімі яго складанасцямі, выклікамі, праблемамі і трагедыямі?» У кнізе «Начало Евангелия» 800 старонак, больш за 300 ілюстрацый і больш чым паўтары тысячы спасылак на Святое Пісанне. |