У Германіі беатыфікавалі нямецкага святара — мучаніка з Дахаў |
26.09.2016 13:08 |
24 верасня ў Вюрцбургу (Германія) адбылася беатыфікацыя кс. Энгельмара Унцайтыга, мучаніка канцэнтрацыйнага лагера Дахаў. Урачыстую беатыфікацыйную літургію ўзначаліў кардынал Анджэло Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Новага благаслаўлёнага іерарх назваў «іскрой сапраўднай чалавечнасці ў цёмнай ночы нацысцкага тэрору». Ксёндз Унцайтыг нарадзіўся ў 1911 г. на тэрыторыі сучаснай Чэхіі. У 1939 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, выбраўшы сабе дэвіз: «Калі ніхто не жадае ісці, я пайду!» Пастырскае служэнне святар здзяйсняў у Аўстрыі. Нягледзячы на небяспеку, у сваіх гаміліях асуджаў нацысцкі рэжым, за што ў 1941 г. быў арыштаваны і дэпартаваны ў Дахаў. У гэтым лагеры былі забіты больш за тысячу святароў і манахаў, не толькі каталіцкіх, але таксама пратэстанцкіх і праваслаўных. Ксёндз Унцайтыг клапаціўся пра вязняў, асаблівым чынам пра зняволеных з Савецкага Саюза. Ён вывучаў рускую мову і пераклаў на яе большую частку Новага Запавету, каб распаліць у іх веру. «Свой статус вязня ён заўсёды перажываў у лучнасці з Богам, у малітве, з радасцю і з пастаяннай гатоўнасцю любіць, дапамагаць, суцяшаць бліжняга. Святая Імша, эўхарыстычная адарацыя, ружанцовая малітва запаўнялі вольны час яго цяжкіх дзён», — распавёў кардынал Амата. Калі ў лагеры пачалася эпідэмія тыфу і хворых змясцілі ў асобны барак, ніхто не жадаў туды ўваходзіць. Святар, верны свайму дэвізу, накіраваўся туды, каб аказваць дапамогу, але заразіўся і 2 сакавіка 1945 года памёр. Па словах прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, новы благаслаўлёны, якога называюць «мучанікам міласэрнасці і нямецкім Максімільянам Кольбэ», адкрывае «шчыліну святла на тоеснасць той часткі нямецкага народу, якая дзеля вернасці Евангеллю таксама зведала пераслед і смерць». |