L`Osservatore Romano: зачацце дзіця з ДНК трох асобаў — маральнае зло |
30.09.2016 15:01 |
Пра маральнае зло эксперыментаў па зачацці дзіцяці з ДНК трох асобаў піша на старонках L`Osservatore Romano Лаура Палаццані, выкладчыца біяэтыкі ў рымскім універсітэце LUMSA. Апублікаваная навіна пра дзіця па імені Абрагім, які нарадзіўся ў Мексіцы з дапамогай новай дапаможнай рэпрадуктыўнай тэхналогіі, выклікала гучныя дэбаты. Іярданская пара хацела мець дзяцей, але ў жанчыны было генетычнае захворванне, якое перадаецца па лініі маці, — сіндром Лея (рэдкі спадчынны нейраметабалічны сіндром, які прыгнятае ЦНС). У выніку будучай маці былі трасплантаваны мітахондрыі здаровай жанчыны. На першы погляд, піша Палаццані, гэты выпадак здаецца біяэтычна дапушчальным: выкарыстоўваюцца тэхналогіі, каб нарадзілася дзіця без спадчыннай паталогіі. Аднак у рэчаіснасці, падкрэслівае аўтар, на сёння дадзеная тэхналогія мае эксперыментальны характар і афіцыйна дазволена толькі ў Вялікабрытаніі. Гэтая тэхналогія не верыфікаваная і навукова не зацверджаная, а таму існуе пэўная непрапарцыянальнасць паміж чаканай карысцю (нараджэнне дзіцяці без спадчыннага захворвання) і магчымай небяспекай. Аўтар артыкула сцвярджае, што тэхналогія замены мітахондрый можа выклікаць сур’ёзныя генетычныя анамаліі, бо яна звязана з пераносам невялікай часткі ДНК, а значыць і генетычных прыкмет (каля 0,05%). Але даведацца пра гэта немагчыма адразу — спатрэбяцца месяцы, а можа, і гады назірання за развіццём дзіцяці. Выкладчыца біяэтыкі Палаццані лічыць, што, прымяняючы рэпрадуктыўныя тэхналогіі, варта заўсёды браць пад увагу ўсіх суб’ектаў: шанаваць натуральнае жаданне бацькоў мець дзяцей, але ў такой жа меры — слушнае права ненароджаных не быць знішчанымі (аўтар мае на ўвазе рэдукцыю «залішніх» эмбрыёнаў). |