Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Французскі святар Жак Амель, забіты ісламістам, будзе абвешчаны благаслаўлёным
03.10.2016 15:13

Папа Францішак адобрыў рашэнне Кангрэгацыі па справах Кананізацыі адысці ад правіл, паводле якіх далучэнне да ліку благаслаўлёных можа адбыцца не раней чым праз пяць гадоў пасля смерці падзвіжніка. Такое выключэнне будзе зроблена для французскага святара Жака Амеля, які быў жорстка забіты ісламістам падчас святой Імшы 26 ліпеня гэтага года.

Даведаўшыся пра рашэнне Ватыкана, біскуп Руанскі Дамінік Лебрэн, у дыяцэзіі якога нёс служэнне забіты святар, заявіў, што зробіць усё магчымае, каб беатыфікацыя адбылася як мага хутчэй. Біскуп Лебрэн паведаміў пра гэта 2 кастрычніка — у дзень, калі святыня ў Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ, дзе адбылося забойства, ізноў адчыніла свае дзверы пасля двухмесячнага перапынку пасля тэракту.

У касцёл у гэты дзень прыйшлі не толькі католікі, але і мусульмане, а таксама няверуючыя. Сярод сабраных былі прадстаўнікі мясцовай улады. Паколькі невялікі будынак святыні разлічаны толькі на 300 чалавек, перад касцёлам быў усталяваны экран для трансляцыі набажэнства, якое ўзначаліў біскуп Лебрэн.

«Ксёндз Жак — мучанік, і да яго трэба маліцца, бо мучанікі благаслаўлёныя!» — адзначыў 14 верасня ў гаміліі ў ватыканскай капліцы св. Марты Папа Францішак. На гэтай літургіі малілася група вернікаў з Руанскай дыяцэзіі на чале з біскупам Дамінікам Лебрэнам.

Ксёндз Жак Амель быў забіты 26 ліпеня, калі ў касцёл падчас святой Імшы ўварваліся два маладыя ісламісты. Адзін з іх перарэзаў святару горла. Як адзначаюць эксперты, забойства святара на падставе нянавісці да хрысціянскай веры адбылося ў Францыі ўпершыню за 200 гадоў — да гэтага падобныя выпадкі мелі месца ў часе падаўлення рэвалюцыйнымі войскамі Вандэйскага паўстання ў 1793–1796 гг.

Паводле blagovest-info.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.