У Санкт-Пецярбургу адкрылася выстаўка, прысвечаная гісторыі дамініканскага ордэну |
05.10.2016 11:43 |
У 2016 годзе Ордэн братоў Прапаведнікаў (дамініканцы) адзначае 800-годдзе свайго заснавання. У Дзяржаўным музеі гістарычнай рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу адкрылася выстаўка, якая прадстаўляе гісторыю станаўлення ордэна і ключавыя моманты гэтай гісторыі, якія аказалі моцны ўплыў на еўрапейскую культуру, а таксама традыцыі, сімволіку і абраднасць дамініканцаў. Праца выстаўкі распачалася 4 кастрычніка і працягнецца да 12 снежня. Выстаўка ўключае некалькі раздзелаў. Першы прысвечаны заснавальніку ордэна — св. Дамініку — і гісторыі брацтва. Шэраг унікальных твораў мастацтва, прадметаў культу і дакументаў дэманструюцца на выстаўцы ўпершыню. Сярод іх — серыя гравюр французскага мастака-сімваліста Марыса Дэні, публікацыі булы «Religiosam vitam» Ганорыя ІІІ, а таксама дамініканскі хабіт. Другі раздзел выстаўкі прысвечаны неад’емнаму атрыбуту дамініканца — ружанцу. Паводле легенды, падчас войнаў з альбігойцамі св. Дамініку аб’явілася Панна Марыя і перадала ружанец (з лац. — вянок з руж), каб маліцца на ім да Яе. Пазней ружанцовая малітва распаўсюдзілася па ўсім свеце. Цікавым экспанатам раздзела з’яўляецца і харугвія ўдзельнікаў каталіцкага руху «Жывы Ружанец» ХІХ ст., некалькі мастацкіх палотнаў іспанскай і венецыянскай школ з выявамі Маці Божай і св. Дамініка, а таксама гравюры XVII – XVIII стст. з выявай Найсвяцейшай Панны Марыі — Каралевы Ружанца. На выстаўцы прадстаўлены таксама матэрыялы, у якіх расказваецца пра вялікіх дамініканскіх містыкаў і славутых дзеячаў брацтва. Дамініканскі ордэн заснаваў іспанскі манах св. Дамінік дэ Гусман Гарсэс (1170-1221). Ідэя заснавання ордэну ўзнікла ў сувязі з евангелізацыйнай місіяй, якая на пачатку ХІІІ ст. праводзілася ў паўднёвай Францыі. Місія абапіралася пераважна на метады прымусу і запалохвання. Дамінік адчуў глыбокую салідарнасць з бедным людам, аб’ектам такой «евангелізацыі», і вырашыў абвяшчаць Добрую Навіну іншым спосабам, не так, як гэта рабілі папярэднія місіянеры. Ён сам стаў бедняком і пачаў прапаведаваць у стылі св. Паўла, як вандроўны апостал-жабрак. Да гэтага харызматычнага святара далучыліся іншыя. 22 снежня 1216 года Папа Ганорый ІІІ спецыяльнай булай зацвердзіў новы спосаб прапаведавання. Цэнтрамі ордэна сталі Парыж і Балонья — два буйнейшыя ўніверсітэцкія гарады Еўропы. Акрамя гэтага, дамініканцы ўзначальвалі тэалагічныя кафедры ва ўніверсітэтах Падуі і Прагі. У сярэднявечнай Еўропе дамініканцы стварылі сетку тэалагічнай адукацыі, выхавалі пакаленні вучоных. З гэтага ордэна выйшлі славутыя мысляры, хрысціянскія падзвіжнікі, грамадскія дзеячы, мастакі. Сярод іх — св. Тамаш Аквінскі (1225/26 — 1274), Фра Беата Анджэліка (1400 — 1435), Джыралама Саванарола (1452 — 1498), Джардана Бруна (1548 — 1600), Тамаза Кампанэла (1568 — 1639), Жорж-Дамінік Пір (1910 — 1969).
Фра Анджэліка. Сустрэча св. Францішка і св. Дамініка З ХІІІ стагоддзя прадстаўнікі ордэну разгарнулі шырокую місійную дзейнасць, заснавалі мноства кляштараў (у прыватнасці, пад Кіевам, у Іране, Кітаі і інш.). У канцы XV ст. дамініканцы заснавалі місію ў Конга, у XVI ст. — у Лацінскай Амерыцы і на Філіпінах. У гонар св. Дамініка названа Дамініканская Рэспубліка. |