Аксітацын, гармон сямейнага шчасця, аказаўся звязаны не толькі з прыемнымі адчуваннямі ад сямейнага жыцця, але і з павышаным узроўнем рэлігійнасці і духоўнасці.
Пра гэта паведамляе baltnews.lt са спасылкай на навуковы артыкул у часопісе Social Cognitive and Affective Neuroscience.
«Духоўнасць і медытацыя ўжо звязваліся з паляпшэннем стану здароўя і самаадчування чалавека іншымі групамі вучоных. Мы зацікавіліся тым, якія біялагічныя фактары могуць узмацняць гэтыя духоўныя перажыванні. Аксітацын, як выявілася, з’яўляецца той часткаю нашага цела, якая ўзмацняе нашы рэлігійныя пачуцці і вераванні», — піша аўтар артыкула Пэці ван Капелен з універсітэта Дзьюка ў ЗША.
За апошнія гады вучоныя раскрылі мноства нечаканых характарыстык аксітацынy, які, як лічылася раней, адказваў толькі за пачуцці да супрацьлеглага полу і ўключэнне «праграмы мацярынства» ў арганізме жанчыны. Капелен і яе калегі зацікавіліся гэтым незвычайным гармонам таму, што ён, паводле паведамленняў іншых вучоных, узмацняе эмпатыю, альтруізм і прымушае чалавека больш цесна кантактаваць з іншымі. Вучоныя меркавалі, што нешта падобнае можа адбывацца і з рэлігійнымі перакананнямі і пачуццямі.
У прыватнасці, высветлілася, што яго канцэнтрацыя ў арганізме ўплывае на давер чалавека, яднае калектывы, абараняе арганізм ад ап’янення і ўплывае на мозг і цела дзясяткамі іншых шляхоў.
Для праверкі гіпотэзы вучоныя сабралі групу з 80 добраахвотнікаў-мужчын сярэдняга ўзросту, якіх запрасілі «пратэсціраваць» новы спрэй для носа і прыняць удзел у групавой медытацыі. У палове выпадкаў гэты «спрэй» уяўляў сабой раствор аксітацыну, а ў іншых — звычайную ваду.
Да і пасля медытацыі вучоныя апытвалі добраахвотнікаў пра іх рэлігійныя погляды, стаўленне да веры і духоўнасці. Эксперымент паказаў, што мужчыны, якія атрымлівалі дозы аксітацыну, часцей адчувалі неабходнасць у духоўнасці.
Паводле baltnews.lt, (IL)
|