У Польшчы распрацоўваюць інавацыйную праграму душпастырства сем’яў |
06.10.2016 08:12 |
Касцёл у Польшчы рыхтуе інавацыйную праграму душпастырства сужэнстваў і сем’яў, заснаваную на адгартацыі Папы Францішка «Amoris Laetitia» («Радасць любові»). Пра гэта паведаміў старшыня Нацыянальнага цэнтра душпастырства сем’яў кс. Пшэмыслаў Дронг. Тое, як Касцёл у Польшчы бачыць папскую адгартацыю, стала адной з тэм пленарнага пасяджэння епіскапату ў Варшаве. Старшыня Рады каталіцкага епіскапату Польшчы па справах сям’і біскуп Ян Вантроба ў размове з КАІ прызнаўся, што VIII раздзел адгартацыі «Amoris Laetitia», у якім гаворыцца пра асобаў, якія пасля разводу жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, выклікае ў душпастыраў пэўныя інтэрпрэтацыйныя цяжкасці. Асабліва гэта датычыць пытання ўдзялення святой Камуніі такім асобам. На думку польскага іерарха, ключавым словам у вышэйзгаданай сітуацыі з’яўляецца «распазнаць»: «Тут нельга кіравацца нейкімі нягнуткімі правіламі, кожны выпадак належыць трактаваць індывідуальна, дапамагчы распазнаць, у якім месцы адносна Хрыста, Яго навукі і Яго запаведзяў знаходзіцца чалавек». Біскуп Ян Вантроба падкрэсліў, што важным з’яўляецца, каб такія асобы распазналі сваю сітуацыю, зразумелі яе; значэнне ў дадзенай сітуацыі мае і распазнанне шляху, які можа весці да поўнага з’яднання, таксама на сакрамэнтальным узроўні. Польскі іерарх пацвердзіў, што для душпастыраў, спаведнікоў і духоўных кіраўнікоў спецыяльная група пастаральных тэолагаў распрацоўвае вадэмэкум адносна несакрамэнтальных пар. Акрамя гэтага польскі епіскапат накіруе ў сакратарыят Сінода Біскупаў на тэму сям’і скарочаны змест распрацоўкі аб ажыццяўленні адгартацыі «Amoris Laetitia» ў Касцёле ў Польшчы. Тэкст будзе створаны на аснове справаздач з дыяцэзій краіны. Старшыня Нацыянальнага цэнтра душпастырства сем’яў, у сваю чаргу, адзначыў, што важна, «каб у парафіях не казалі пра разведзеных, каб такім чынам іх не абясцэньваць, а стараліся дапамагаць ім увайсці ў Касцёл, суправаджалі, інтэгравалі». Кажучы пра сітуацыю ў польскіх дыяцэзіях, кс. Дронг прызнаўся, што «святары баяцца страціць тое, што ўжо маюць, адкрываючыся на штосьці, чаго яшчэ не ведаюць». Адначасова кс. Дронг адзначыў, што ўжо ў многіх дыяцэзіях і парафіях відаць плён «Amoris Laetitia» ў сферы катэхізацыі. Таксама сямейныя рухі ў свае фармацыйныя праграмы ўводзяць навучанне адгартацыі. «Мы спрабуем стварыць цалкам новую, інавацыйную праграму душпастырства сужэнстваў і сем’яў у Польшчы на аснове “Amoris Laetitia”. Тут гаворка ідзе і пра лепшую падрыхтоўку да сужэнства і суправаджэнне пар, асабліва маладых сужэнцаў», — паведаміў кс. Ян Дронг. У гэтыя дні трывае праца над статутамі. |