У цэрквах Расіі могуць з’явіцца перакладчыкі на сучасную рускую мову |
06.10.2016 16:09 |
У расійскіх цэрквах могуць з’явіцца перакладчыкі са старацаркоўнаславянскай і старарускай моў на сучасную рускую мову. Пра гэта паведамляе deon.pl са спасылкай на старшыню Расійскай акадэміі адукацыі і віцэ-старшыню Таварыства рускай пісьменнасці Людмілу Вярбіцкую. «Трэба зрабіць так, каб кожны мог зразумець мову Царквы», — адзначыла навуковец. Яна звярнула ўвагу на тое, што літургія і набажэнствы адпраўляюцца на старарускай і старацаркоўнаславянскай мовах, пры гэтым казанне святар прамаўляе па-руску. «Я лічу, што ў дадзеным выпадку патрэбны перакладчык», — удакладніла Людміла Вярбіцкая і дадала, што гэта «гарачая тэма, якая выклікае шмат спрэчак», безумоўна, яшчэ будзе абмяркоўвацца. Таварыства рускай пісьменнасці было заснавана ў сакавіку 2016 года па ініцыятыве Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Узначаліў арганізацыю Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. |