Нобелеўскую прэмію міру атрымаў прэзідэнт Калумбіі за дамову аб спыненні грамадзянскай вайны |
07.10.2016 13:29 |
Імя ўладальніка Нобелеўскай прэміі міру за 2016 год назвалі 7 кастрычніка ў сталіцы Нарвегіі. Ім стаў прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас, які атрымаў прэмію за высілкі, накіраваныя на завяршэнне грамадзянскай вайны ў Калумбіі, якая працягвалася там апошнія 50 гадоў.
Дамову аб завяршэнні канфлікту і стварэнні трывалага і ўстойлівага міру калумбійскі прэзідэнт і кіраўнік групіроўкі «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі» падпісалі ў верасні пры ўдзеле Дзяржсакратара Папы Францішка.
Сам Нобелеўскі лаўрэат — католік па веравызнанні — ужо сустракаўся з Папам. Нядаўна палітык заявіў, што Пантыфік наведае краіну ў першым квартале 2017 года. Святы Айцец абяцаў прыехаць у Калумбію, як толькі ўрад падпіша мірную дамову з групіроўкай паўстанцаў.
Варта адзначыць, што ўпершыню на Нобелеўскую прэмію міру прэтэндавала рэкордная колькасць людзей і арганізацый. У лік 376 кандыдатаў акрамя палітыка Ангелы Меркель, Папы Рымскага Францішка, актрысы Анджаліны Джалі ўваходзілі таксама дзве каталіцкія манахіні з Аўстрыі, якія больш за 40 гадоў ахвярна працавалі з хворымі на праказу ў Паўднёвай Карэі.
Паводле katolik-gomel.by (IL)
|