Лютэране Швецыі чакаюць ад візіту Пантыфіка абуджэння веры мясцовых хрысціянаў |
11.10.2016 12:29 |
Праз тры тыдні Святы Айцец накіруецца ў Швецыю з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі. Гэта надае папскаму падарожжу выразны экуменічны характар. Аднак жа самім шведам сёння евангелізацыя патрэбна больш за экуменізм. На гэта звярнуў увагу пастар Фрэдрык Эмануэльсан, епіскапскі вікарый Стакгольма па справах місій. На думку святара, Папа Францішак павінен прыбыць у гэтую скандынаўскую краіну з выразным пасланнем веры. Гэтага патрабуе рэальны стан хрысціянства ў Швецыі, які нябачны ў афіцыйнай статыстыцы. «Лютэранская Царква ў Швецыі многія стагоддзі была Царквой дзяржаўнай, афіцыйнай. Так было ад 1593 года, ад часу Сіноду ва Упсале, да 2000 года, калі настала аддзяленне дзяржавы ад Царквы. Гэта азначае, што афіцыйнай Царквы больш няма. Лютэране з’яўляюцца толькі большасцю. Аднак, калі казаць пра быццё хрысціянінам, пра веру, пра жыццё верай, пра наведванне святыні, то гэта мы назіраем толькі ў частцы афіцыйных членаў. Таму я перакананы, што сёння сапраўдным выклікам з’яўляецца не столькі дыялог паміж Цэрквамі ці царкоўнымі супольнасцямі, колькі евангелізацыя гэтага грамадства. Гэта мы павінны яго фарміраваць, але часам яно фарміруе нас», — адзначыў пастар Фрэдрык Эмануэльсан. КАІ, (VGr) |