Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
СМІ: у маскоўскіх школах узрасла папулярнасць урокаў праваслаўнай культуры
13.10.2016 10:51

Эксперты Маскоўскага інстытута адкрытай адукацыі (МІАД) правялі даследаванне ў 120 школах Масквы, якое паказала, што курс «Асновы рэлігійных культур і свецкай этыкі» стаў значна больш папулярны. Гэта адбылося за кошт «Асноў праваслаўнай культуры».

Пра гэта паведамляе ria.ru са спасылкай на газету «Известия».

Курс «Асновы рэлігійных культур і свецкай этыкі», уведзены ў 2012 годзе па ўсёй Расіі для вучняў чацвёртых класаў, прадугледжвае вывучэнне на выбар асноў праваслаўнай, ісламскай, будысцкай або іўдзейскай культур. Акрамя таго, па жаданні выкладаюцца асновы ўсіх сусветных рэлігійных культур або асновы свецкай этыкі.

«Можна дакладна сказаць, што прысутнічае тэндэнцыя, модуль “Асновы праваслаўнай культуры” выбіраюць часцей»... Паводле даных маніторынга МІАД за 2016 год, “праваслаўе” абралі 41 працэнт бацькоў», — паведаміла загадчык міжнароднай кафедры МІАД Алена Амельчанка.

Так, у 2012 годзе «Асновы праваслаўнай культуры» вывучалі дзеці толькі 11 працэнтаў бацькоў.

«Выкладанне праваслаўнай культуры і іншых канфесійных культур праходзіць у межах асветы і вывучэння традыцыйных культурных каштоўнасцяў. Людзі ўбачылі, што ніхто не займаецца навязваннем рэлігійных догмаў, не змушае да малітваў. Дзеці на ўроках даведваюцца пра аспекты, якія дапамогуць ім лепш зразумець асаблівасці творчасці і палемікі рускіх пісьменнікаў, і для многіх бацькоў гэта з’яўляецца вызначальным фактарам», — прыводзіць выданне словы іераманаха Анісіма.

Паводле ria.ru (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.