Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкі святар выйграў у шоў «Хто хоча стаць мільянерам?» 250 тысяч долараў
18.10.2016 13:40

Большую частку свайго выйгрышу расчулены святар ахвяраваў на каталіцкую школу. Святар прызнаўся, што школа з’яўляецца асаблівай для яго, таму што ў свой час аказала вялікі ўплыў на яго жаданне вучыцца.

Ксёндз Біл Матэні са Злучаных Штатаў Амерыкі сёння нясе душпастырскую службу ў парафіі ў Брыджпорце (Заходняя Вірджынія). У свой час будучы святар з першага па восьмы клас вучыўся ў школе св. Францішка Асізскага ў Сант-Албані.

Святар прызнаўся, што плануе ахвяраваць большую частку свайго выйгрышу на дапамогу школе, а таксама на даплаты да заработнай платы настаўнікам і на студэнцкія стыпендыі.



У школе св. Францішка адзначылі, што будуць рады любой суме, ахвяраванай для іх, бо сёлета ў адукацыйную праграму былі дададзены спецыяльныя праграмы для дзяцей з аўтызмам і дыслексіяй, а адпаведна павялічыліся і выдаткі.

«Мы вельмі ўдзячныя кс. Білу за яго памкненне. Радуе, што ўсе гэтыя гады ён думаў пра нашу школу і мы засталіся ў яго сэрцы», — расказала журналістам дырэктар школы.

Выйграць святар, аднак, мог і большую ў два разы суму. Ён спрабаваў адказаць на пытанне, за якое мог атрымаць 500 тысяч долараў, але вырашыў не рызыкаваць і забраў свой выйгрыш у 250 тысяч.

«Калі б я гуляў толькі для сябе, то ўсё ж рызыкнуў бы. Здавалася, адказ лагічны, але я гляджу шоў дастаткова даўно, каб ведаць, што, калі хтосьці даходзіць да такога ўзроўню, то лагічны адказ не заўсёды правільны», — прызнаўся пасля шоў святар.



Пытаннем, якое выклікала цяжкасці ў кс. Біла Матэні, было наступнае: «Для вырашэння якіх задач выкарыстоўваецца алгарытм Луна, запатэнтаваны ў 1960 годзе?» Варыянты адказаў: для змены сігналу светлафора, для праверкі нумара крэдытнай карты, для прадказання тарнада, для ажыццяўлення прызыву на ваенную службу.

Святар хацеў выбраць «крэдытныя карты», але вырашыў не рызыкаваць і прыняў рашэнне забраць суму ў 250 тысяч. Пры гэтым, як высветлілася пасля, варыянт святара пра крэдытныя карты быў правільны.

Паводле wsaz.com (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.