Біскупы ЗША асуджаюць умешванне палітыкаў у жыццё Касцёла |
18.10.2016 13:47 |
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у ЗША асудзіла ўмешванне ва ўнутраныя справы Касцёла лева-ліберальных палітыкаў пасля таго, як у інтэрнэце былі апублікаваны іх лісты, дзе гучыць ідэя «рэвалюцыі» ў Касцёле. «Былі апублікаваны даныя, што некаторыя людзі імкнуцца ўмешвацца ва ўнутранае жыццё Касцёла для кароткатэрміновай палітычнай выгады. Калі гэта праўда, то гэта выклікае занепакоенасць як лёсам супольнасцяў вернікаў, гэтак і лёсам нашай краіны», — заявіў старшыня амерыканскага епіскапату арцыбіскуп Луісвіля Джозаф Курц. «Хрыстус даў нам каштоўнейшы дар — нашу веру і Касцёл. Як католікі мы трымаемся нашых прынцыпаў, таму што яны паходзяць ад Хрыста, а не з'яўляюцца вынікам нейкага сучаснага кансэнсусу. Мы таксама спадзяёмся, што палітычныя і ўрадавыя дзеячы будуць паважаць права людзей жыць адпаведна з іх верай... Калі рэлігійныя супольнасці страцяць такое права, будзе згублена сама ідэя таго, чым ёсць Амерыка», — адзначыў іерарх. У прэсу патрапіла частка перапіскі за 2012 год Джона Падэсты, кіраўніка выбарчай кампаніі кандыдата ў Прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан. У перапісцы абмяркоўваецца пытанне «Каталіцкай вясны» — арганізацыі псеўдакаталіцкіх супольнасцяў вернікаў, а таксама ўзгадваецца пра супольнасць «Аб'яднаныя католікі» (Catholics United), фінансаваную такімі арганізацыямі, як Gill Foundation і Arcus Foundation, якія выступаюць супраць каталіцкага маральнага вучэння і займаюцца гомасексуальнай прапагандай. «Палітыкі, іх супрацоўнікі і валанцёры павінны адлюстроўваць нашы самыя высакародныя жаданні як грамадзян. Хопіць ужо ў сучасных палітычных спрэчках прыніжаць жанчын і вернікаў. Трэба з гэтым заканчваць», — заявіў арцыбіскуп Джозаф Курц. |