Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Варшаве адзначылі гадавіну смерці благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі
20.10.2016 11:56

Ксёндз Папялушка быў сапраўдным сведкам міласэрнасці — адзначыў Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч падчас святой Імшы ў касцёле св. Станіслава Косткі ў Варшаве ў 32-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёнага.

Касцёл і Эўхарыстыя, як заўважыў Мітрапаліт, з’яўляюцца плёнам насення, якое памерла на крыжы, — Езуса Хрыста. Іерарх падкрэсліў, што чалавек павінен паміраць і прысвячаць сябе кожны дзень. Прыклад такой паставы дае кананізаваная ў верасні гэтага года Маці Тэрэза з Калькуты, а таксама св. Джанна Бэрэтта Молла.

Кардынал Ныч звярнуў увагу, аднак, што прыпавесць пра зерне, якое гіне, Касцёл адносіць перш за ўсё да мучанікаў — як з першых стагоддзяў хрысціянства, так і з XX i XXI стагоддзя. Адным з іх з’яўляецца кс. Ежы Папялушка.

«Ён быў святаром. Яго жыццё было адносна кароткае. Вядомым ён стаў у апошнія гады свайго жыцця, калі ў Польшчы выбухнула ваеннае становішча, калі трэба было стаць на баку работнікаў, пры забароненай “Салідарнасці”, пры хворых людзях, церпячых, пры медсёстрах. Гэта быў сапраўдны сведка меласэрнасці», — адзначыў Мітрапаліт Варшаўскі.

Іерарх прыгадаў апошнюю гамілію кс. Папялушкі, якую ён прамовіў у дзень сваёй смерці — 19 кастрычніка 1984 года. Па словах Мітрапаліта, яна з’яўляецца не толькі тэстамэнтам благаслаўлёнага, але і своеасаблівым сінтэзам яго святасці.

Па традыцыі ва ўрачыстасцях у гадавіну мучаніцкай смерці святара ўзялі ўдзел шматлікія працаўнікі, прадстаўнікі сталічнай службы здароўя, капеланам якой з’яўляўся бл. Папялушка, а таксама родныя благаслаўлёнага.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі, між іншым, прэм’ер-міністр Польшчы Беата Шыдла, міністр нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч, парламентарыі, прадстаўнікі муніцыпальнай улады і дзеячы «Салідарнасці». У касцёл св. Станіслава Косткі прыбылі таксама жыхары Варшавы, якія 32 гады таму маліліся тут падчас Імшы за Айчыну.

Ксёндз Ежы Папялушка нарадзіўся ў 1947 годзе ў ваколіцах Сухаволі на Падляшшы. Быў душпастырам службы аховы здароўя і моладзі, капеланам сталеліцейнага завода «Варшава», ініцыятарам Імшы за Айчыну і пілігрымак працоўнага люду ў Чэнстахову, у якіх удзельнічалі тысячы чалавек. У сваіх прамовах уздымаў актуальныя маральныя і палітычныя праблемы, бараніў праўду і годнасць чалавека. Цярпеў пераслед з боку дзяржаўных уладаў, праслухоўваўся. 19 кастрычніка 1984 года каля Торуня быў выкрадзены афіцэрамі Службы бяспекі і забіты. Пахаваны на тэрыторыі касцёла св. Станіслава Косткі ў Варшаве. 6 чэрвеня 2010 года быў беатыфікаваны.

КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.