Сусветная місійная нядзеля: самай вялікай акцыі салідарнасці ў свеце — 90 гадоў |
21.10.2016 16:09 |
23 кастрычніка ўжо ў 90-ы раз у Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца Сусветная місійная нядзеля. У гэты дзень ва ўсіх парафіях будуць збірацца грошы на дапамогу для звыш 1200 найбяднейшых дыяцэзій у свеце. У 1926 годзе ініцыятарам гэтага пачынання выступіў Пій ХІ. З таго часу ў перадапошнюю суботу кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца місійная нядзеля. Як паведаміла структура Папскія місійныя ініцыятывы, адказная за арганізацыю місійнай нядзелі, гэта самая вялікая акцыя салідарнасці ў свеце. Збор матэрыяльных сродкаў у місійную нядзелю робіць магчымай душпастырскую і сацыяльную працу Касцёла на тэрыторыі звыш 1200 найбяднейшых дыяцэзій свету. Разгляд заяў і запытаў з місійных абшараў, а таксама прадстаўленне прапаноў адносна падзелу сродкаў, сабраных у місійны дзень, належыць да кампетэнцыі Папскай ініцыятывы па распаўсюджванні веры. Затым падчас штогадовай сустрэчы (звычайна ў Ватыкане) каля 150 нацыянальных дырэктараў Папскай місійнай ініцыятывы распрацоўваюць шкалу, паводле якой размяркоўваюць грошы. Гэта спраўджаная практыка гарантуе, што фінансавую дапамогу атрымаюць тыя дыяцэзіі і парафіі, якія пазбаўлены ўсялякай падтрымкі. Улічваючы тое, што ў Сусветную місійную нядзелю збор ахвяраванняў і малітвы праходзяць ва ўсіх дыяцэзіях і парафіях, нават бедных, кожны чалавек добрай волі мае магчымасць уключыцца ў гэты дзень у вялікую акцыю салідарнасці. Папскія місійныя ініцыятывы (ПМІ) — структура, якая аб’ядноўвае чатыры арганізацыі: Папская ініцыятыва па распаўсюджванні веры, Папская ініцыятыва св. Пятра Апостала, Папская місійная ініцыятыва па справах дзяцей і Папская місійная унія. Сёння структуры Папскіх місійных ініцыятыў існуюць у 150 краінах свету. Папскія місійныя ініцыятывы ўваходзяць у склад Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, прэфект якой (сёння гэта італьянскі кардынал Фернанда Філоні) стаіць на чале Найвышэйшага Камітэта ПМІ. 90 гадоў таму, у час устанаўлення Сусветнай місійнай нядзелі, Каталіцкі Касцёл меў іншае аблічча: 80% яго членаў жылі ў Еўропе і Амерыцы, а Касцёл толькі набіраў сапраўдны паўсюдны характар. У большасці дзяржаў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерык, Афрыкі, Азіі і Акіяніі або ўвогуле не было мясцовых біскупаў, або было зусім мала. На сёння ва ўсім свеце на місійных тэрыторыях працуюць каля 32,5 тысяч дыяцэзіяльных святароў; 11,3 тысяч святароў, якія належаць да манаскіх супольнасцяў; 8,4 тысяч манахаў i 62,6 тысяч манахінь. КАІ (VGr) |