11 лістапада ў Нітры адбудзецца прэм’ера мюзікла пра Папу Яна Паўла ІІ пад назвай «Прафесія — Папа». Аўтарам музыкі з’яўляецца кампазітар Габрыэль Дусік, які калісьці пісаў музыку да «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча, а аўтар лібрэта — пісьменнік Даніэль Хаўер, вядомы ў Славакіі як аўтар шэрагу кніг для дзяцей і моладзі.
Пра гэта паведамляе KAI.
Рэжысёрам спектакля з'яўляецца паляк Ежы Ян Палонскі, які спецыялізуецца на пастаноўцы мюзіклаў. Ключавой сцэнай стане смерць вялікага Папы.
«Усе яднаюцца вакол яго, як і сатана, які стараецца ўсяляк нашкодзіць Пантыфіку, але ў рэшце рэшт мусіць адступіць, бо яму не ўдалося», — кажа рэжысёр.
Ян Галовіч, які сыграе дарослага Караля Вайтылу, сустракаўся з Папам Янам Паўлам ІІ падчас яго візіту ў Нітру. Прэм’ера мюзікла «Прафесія — Папа» ўпісваецца, з аднаго боку, у багатую музычную традыцыю тэатра ў Нітры, а з іншага боку — у межы акцыі «Made in Slovakia», у якой у рэпертуар бяруцца творы сучасных аўтараў.
Як падкрэсліла кіраўніцтва тэатра, у мюзікле будзе паказана «харызматычная постаць і яе палітычная і дыпламатычная місія ў віры складанага часу», а таксама «індывідуальная драма чалавека, вялікага мысляра і інтэлектуала, які зачароўваў свет сваёй адкрытасцю і шчырасцю».
Арганізатары перакананы, што «Прафесія — Папа» зойме вядучую пазіцыю ў сцэнічным рэпертуары тэатра.
(IL)
|