Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вучоныя ўпершыню за 500 гадоў адкрылі магілу Хрыста ў Іерусаліме
28.10.2016 15:10

Упершыню за апошнія 500 гадоў вучоныя знялі мармуровую пліту з месца пахавання Хрыста ў іерусалімскай святыні Гробу Пана, каб даведацца, як першапачаткова выглядала магіла.

Пра гэта піша часопіс National Geografic.

Святыня Гробу Пана ў Іерусаліме была пабудавана ў IV стагоддзі і неаднаразова перабудоўвалася, а мармуровую пліту на магілу ўсталявалі прыкладна ў 1555 годзе, удакладняе выданне.

«Мармуровая пліта была адсунута, і мы былі здзіўлены, знайшоўшы пад ёю вялікую колькасць камянёў», — цытуе выданне археолага Фрэдрыка Хіберта.

Гроб Пана — гэта тыповая высечаная ў прыроднай скале яўрэйская магіла перыяду Другога Храма. Цела Хрыстова было пакладзена на каменным пахавальным Ложы (200 x 80 см, вышыня ад падлогі — 60 см).

Дадзенае памяшканне, як і папярэднюю пячору, разбураную ў 1009 годзе, называюць Святым Гробам. Гэтае памяшканне, створанае ў Кувукліі (капліца над Гробам Пана), сімвалізуе пячору, у якой было пахавана Цела Хрыста. Да нашых дзён захавалася толькі само Ложа, частка сцен пячоры і частка ўваходу.


З даўніх часоў Ложа было моцна пашкоджана пілігрымамі, якія імкнуліся любым коштам адкалоць і ўзяць з сабою частку рэліквіі. Каб папярэдзіць гэтыя спробы, святое Ложа было закрыта плітой белага мармуру, якая цяпер ужо пажоўкла ад часу. Дадзеная пліта была пакладзена ў 1555 годзе.

З таго часу пліту ніколі не здымалі. Аднак, паводле падання, адна спроба ўсё ж такі была: мусульмане захацелі ўзяць мармуровую пліту для ўпрыгожання мячэці. Але як толькі паспрабавалі яе адсунуць, выявілася расколіна. Яе раптоўнае з’яўленне спыніла мусульман, і пліта засталася на месцы.

У самой Кувукліі праводзяцца рэстаўрацыйныя працы намаганнямі каманды вучоных пад кіраўніцтвам Антоніа Маропала з Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Афін, спецыяліста ў галіне будаўнічых матэрылаў і захавання помнікаў.


Па яго словах, вучоных цяпер чакае доўгі аналіз, каб «убачыць арыгінальную паверхню каменя, на які, паводле падання, было пакладзена Цела Хрыста». Даследаванне дазволіць высветліць, як першапачаткова выглядала магіла Езуса і чаму Алена, маці рымскага імператара Канстанціна, палічыла менавіта яе галоўнай святыняй хрысціянскага свету.

Паводле Евангелля, пасля таго, як Хрыстус памёр на крыжы на гары Галгофа, Яго цела паклалі ў адну з высечаных у гары пячор, якія прызначаліся для пахавання. У ёй на трэці дзень, паводле Пісання, адбылося ўваскрасенне Хрыста. Раскопкі на Галгофе ў IV стагоддзі вяла Алена Раўнаапостальная, якая, як лічыцца, знайшла крыж, на якім быў укрыжаваны Езус, пасля чаго заснавала на гэтым месцы святыню Гробу Пана.

Вучоныя маюць надзею, што працы дапамогуць прыадкрыць заслону таямніцы на тым, як маці імператара Канстанціна даведалася, што менавіта гэтая пячора з’яўляецца магілай Езуса.

Працы па рэстаўрацыі Гробу Пана плануецца скончыць да вясны 2017 года. Агульная сума фінансавых выдаткаў перавысіць $4 млн. Як адзначаецца, сярод ахвярадаўцаў на рэстаўрацыю быў і кароль Іярданіі Абдула ІІ.

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.