У Італіі адновяць разбураныя землятрусам святыні |
03.11.2016 10:59 |
Прэм’ер-міністр Італіі Матэа Рэнцы запэўніў, што разбураныя землятрусам касцёлы будуць адбудаваны нанова. Аб гэтым распавёў журналістам арцыбіскуп Спалета-Норчы Рэната Бакарда. «Сёння раніцай я размаўляў са старшынёй Савета Міністраў, які паабяцаў аднавіць усё: дамы, касцёлы, грамадскія пабудовы. Гэта напаўняе надзеяй. Я не эксперт, але вядома, што адбудова гэтых пярлінаў будзе нялёгкай справай», — сказаў іерарх. Адным з самых значных і вядомых храмаў, які быў разбураны землятрусам, стала базыліка св. Бэнэдыкта ў Норчы, пабудаваная ў ХІІІ ст. Лічыцца, што яна была ўзведзена над фундаментам дома, у якім нарадзіўся заснавальнік заходняга манаства і апякун Еўропы. На сённяшні дзень ад яе застаўся толькі фасад. Аб гатоўнасці прафінансаваць аднаўленне святыні заявіў італьянскі бізнесмен і мецэнат Брунэла Кучынэлі. Прадпрымальнік не першы год дапамагае мясцовым бэнэдыктынам. «Мы адновім яе, як рабілі нашы продкі», — сказаў Кучынэлі, узгадваючы адбудову святыні мясцовымі жыхарамі пасля землятрусу ў 1702 годзе. Свае планы прадпрымальнік ужо абмеркаваў з кіраўніком італьянскага ўраду. У цэнтральнай частцы Італіі з канца жніўня 2016 г. працягваюцца падземныя штуршкі. У выніку, разбурана вялікая колькасць дамоў, пабудоваў, аб’ектаў культурнай і рэлігійнай спадчыны. Без даху над галавой засталіся каля 40 тысяч чалавек. |