Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папскі прадстаўнік на першых мірных перамовах паміж урадам і апазіцыяй у Венесуэле
03.11.2016 15:43

Прадстаўнік Святога Айца прыняў удзел у першым этапе мірных перамоваў паміж урадам і апазіцыяй у Венесуэле. Сустрэча прайшла 30 кастрычніка ў Каракасе ў прысутнасці міжнароднай дэлегацыі. Апостальскую Сталіцу на ёй прадстаўляў арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, былы старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.

Іерарх распавёў, што бакі канфлікту ў Венесуэле нярэдка выкарыстоўваюць «даволі цяжкія» выразы і фармулёўкі ў адрас адзін аднаго, таму ў сваім выступленні ён заклікаў перш за ўсё «раззброіць дыялог».

Калі ўрад і апазіцыя будуць прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасцяў, 11 лістапада паміж імі адбудзецца чарговая сустрэча. «Усе перакананыя, што дыялог — гэта адзіны магчымы шлях. У адваротным выпадку выбухне насілле, а гэтага ніхто не жадае», — дадаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа Чэлі, удзельнікі перамоваў асаблівым чынам адзначаюць ролю Апостальскай Сталіцы ў ініцыяванні мірнага працэсу. Апазіцыя неаднаразова падкрэслівала, што прысутнічае на іх выключна таму, што на іх ёсць прадстаўнік Святога Айца. «Роля, якую адыгрывае асоба Папы Францішка ў гэтым кантэксце з’яўляецца фундаментальнай», — дадаў ватыканскі іерарх.

24 кастрычніка Папа Францішак прыняў з прыватным візітам у Ватыкане Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру. Сустрэча праходзіла ў кантэксце складанай сітуацыі палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага крызісу, у якім апынулася Венесуэла.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.