Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
38 пакутнікаў камуністычнага рэжыму ў Албаніі абвешчаны благаслаўлёнымі
07.11.2016 13:23

38 католікаў, якія былі закатаваны ў гады камуністычнага рэжыму, былі абвешчаны благаслаўлёнымі 5 лістапада ў горадзе Шкодэр (Албанія). Цырымонію беатыфікацыі ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Ва ўрачыстай літургіі прынялі ўдзел шматлікія іерархі, у тым ліку старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы кардынал Анджэло Баньяска. На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі ўлады Албаніі.

Біскупская кафедра ў Скадары (сённяшні г. Шкодэр) была заснавана яшчэ ў IV стагоддзі. У 1944 г. пасля прыходу камуністаў да ўлады ў Албаніі распачалася паслядоўная барацьба з рэлігіяй. У 1967 годзе Албанія была абвешчана першай у свеце атэістычнай краінай.

Усе святыні і мячэці былі зачынены. Духавенства і вернікі — мусульмане, праваслаўныя і католікі — падвяргаліся арыштам, катаванням і смяротнаму пакаранню. Албанцы, якія захавалі веру, вымушаны былі збірацца ў падпольных умовах.

Па статыстычных даных, на сёння 65 працэнтаў албанцаў вызнаюць іслам, каля 20 працэнтаў — праваслаўе, каля 15 працэнтаў — каталіцтва.

Сярод беатыфікаваных мучанікаў — арцыбіскуп Вінчэнц Ніколе Прэнушы (1885–1949). Камуністы патрабавалі ад іерарха, каб той стварыў Каталіцкі Касцёл, незалежны ад Святога Пасаду. Рашуча адмовіўшыся, у 1947 годзе арцыбіскуп быў арыштаваны і асуджаны на 20 гадоў за супрацоўніцтва з італьянскімі акупантамі. У турме падвяргаўся катаванням. Памёр 19 сакавіка 1949 года ў турэмным шпіталі.

Да ліку благаслаўлёных быў залічаны яшчэ адзін біскуп — Фран Гіні, а таксама святары, айцы францішкане і іезуіты, семінарыст, 22-гадовая дзяўчына, якая рыхтавалася да манаства, і тры свецкія асобы.

Усяго, як паведамляе Ватыканскае радыё, за гады рэжыму ў Албаніі загінулі 7 каталіцкіх біскупаў, 111 святароў, 10 семінарыстаў і 8 манахінь. Было разбурана 1820 мусульманскіх, праваслаўных і каталіцкіх культавых будынкаў.

На беатыфікацыйнай літургіі ў Шкодэры прысутнічалі каля 20 тысяч чалавек, паведамляе англійская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Падчас набажэнства 88-гадовы Эрнэст Сімані — былы вязень камуністычнага рэжыму, якому папа Францішак не так даўно надаў кардынальскую годнасць, трымаў рэліквіі дзесяці новамучанікаў.

«Калі ганіцелі знікаюць, як змрочныя цені, у вечным забыцці, то мучанікі застаюцца святлом, якое аб’яўляе сапраўднае аблічча дабрыні», — адзначыў у гаміліі кардынал Анджэло Амата.

6 лістапада падчас малітвы «Анёл Панскі» на рымскай плошчы Святога Пятра папа Францішак узгадаў пра беатыфікацыю албанскіх пакутнікаў — «ахвяраў жорсткіх ганенняў з боку атэістычнага рэжыму».

Паводле blagovest-info.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.