У Маскве стартаваў чацвёрты аўтапрабег у падтрымку бяздомных |
09.11.2016 14:35 |
Чацвёрты дабрачынны аўтапрабег «Надзея» ў падтрымку бяздомных людзей распачаўся ў Маскве. У гэтым годзе акцыя ахопіць 10 гарадоў Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўночна-Каўказскай федэральных акругаў Расіі: Варонеж, Шахты, Растоў-на-Доне, Краснадар, Наварасійск, Стаўрапаль, Элісту, Астрахань, Валгаград і Тамбоў. Сярод галоўных мэтаў акцыі — падтрымка праектаў дапамогі бяздомным у рэгіёнах і прыцягненне ўвагі да праблем людзей, якія жывуць на вуліцы. Аўтапрабег арганізаваны Сінадальным аддзелам па дабрачыннасці і дабрачынным фондам «Помощник и покровитель». Штогод супрацоўнікі фонда накіроўваюцца на спецыяльна абсталяваным аўтобусе па гарадах Расіі, каб перадаць бяздомным новыя камплекты цёплага адзення на зіму, абутак, медыкаменты і сацыяльную дапамогу. У 2013-2015 гадах геаграфія прабегу ахапіла 27 гарадоў, дапамогу атрымалі каля 600 чалавек. Як сцвярджае кіраўнік фонда «Помощник и покровитель» Ілья Кускоў, «у некаторых абласцях няма ніводнай дабрачыннай службы, якая б дапамагала такім людзям, і асабліва складана ім даводзіцца ў зімовы перыяд». Між іншым, падчас прабегу бяздомныя змогуць атрымаць кансультацыю сацыяльных работнікаў і дапамогу ў аднаўленні дакументаў, а пры неабходнасці будуць уладкаваны ў прытулкі для бяздомных. Другі этап дабрачыннай акцыі — навучанне сацработнікаў, святароў, валанцёрскіх аб’яднанняў і моладзевых рухаў працы з бяздомнымі. На сёння на тэрыторыі Расіі дзейнічаюць больш за 4 тысячы царкоўных сацыяльных установаў і ініцыятыў Рускай Праваслаўнай Царквы. Сярод іх 95 праваслаўных прытулкаў для бяздомных. Аўтапрабег распачаўся 7 лістапада з набажэнства ў Сінадальным аддзеле па дабрачыннасці ў Маскве. За 22 дні ўдзельнікі аўтапрабегу пераадолеюць шлях у 4 тысячы 329 кіламетраў, наведаюць дзяржаўныя і царкоўныя прытулкі для бяздомных з мэтай абмену досведам. Паводле diaconia.ru |