Сусветнай асацыяцыі хрысціянскіх СМІ SIGNIS — 65 гадоў |
11.11.2016 10:55 |
Падтрымка і развіццё хрысціянскага кінематографа, тэлебачання, інтэрнэта і іншых СМІ ва ўсім свеце, абарона хрысціянскіх каштоўнасцей у культуры, развіццё сеткі новых камунікацый і міжнароднае міжканфесійнае супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій — мэта дзейнасці Сусветнай асацыяцыі хрысціянскіх сродкаў масавай інфармацыі SIGNIS, якая ў гэтыя дні адзначае сваё 65-годдзе. Асацыяцыя аб’ядноўвае прафесіяналаў у галіне тэлебачання, радыё, кіно, інтэрнэта і новых тэхналогій больш чым са 140 краінаў свету. Яна была створана ў лістападзе 2001 года ў выніку з’яднання дзвюх каталіцкіх медыя-арганізацый — UNDA (радыё і ТБ) і OCIC (кінематограф), заснаваных у 1928 годзе. Такім чынам, SIGNIS з’яўляецца самай старэйшай і адзінай у свеце арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ўсе хрысціянскія медыя-рэсурсы. Пра служэнне SIGNIS распавёў Ватыканскаму Радыё дырэктар асацыяцыі а. Фабрыцыё Каломба MCCJ. «Усе справаздачы, якія прадстаўляюцца ў місійных мас-медыя, можна назваць гісторыяй надзеі. Напрыклад, дзе б не ўзгадвалася Афрыка, адносна яе заўсёды прымаецца надзвычай песімістычны пункт гледжання: Афрыка — гэта праблемы, войны, карупцыя... Каталіцкія СМІ больш пазітыўныя, бо перадаюць сведчанні хрысціянаў, якія аддаюць сваё жыццё іншым, цяжка працуюць, дзеля спакою і правоў чалавека. Усё гэта — гісторыя надзеі, якая натхняе новых сведкаў, а таксама падбадзёрвае свет, у якім, на жаль, пануе страх. Каталіцкія СМІ могуць быць вестунамі надзеі і радасці ў гэты час крызісу», — адзначыў а. Фабрыцыё Каломба. |