У Галівудзе здымуць фільм пра баксёра, які стаў каталіцкім святаром |
17.11.2016 15:02 |
Адзін з галівудскіх акцёраў Марк Уолберг не баіцца казаць, што каталіцкая вера для яго з’яўляецца найважнейшым аспектам жыцця і што свой дзень ён не можа пачаць без малітвы. Зараз Уолберг рыхтуецца да новай ролі — ён плануе сыграць баксёра Сцюарта Лонга, які стаў каталіцкім святаром. Ксёндз Лонг памёр у 2014 годзе на 50-м годзе жыцця. Ксёндз Лонг як прафесійны баксёр атрымаў сур’ёзную траўму, якая прымусіла яго пакінуць прафесійны спорт. Ён стаў менеджэрам у музеі. Пошукі ісціны прывялі яго ў каталіцкую семінарыю, а ў 2007 годзе ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. На жаль, яшчэ да пасвячэння ў яго выявілі рэдкае аўтаімуннае захворванне. Яго святарскае служэнне не было доўгім, але яно натхняла многіх людзей. «Ён пакутаваў на жахлівую хваробу, яго святарскае служэнне было кароткім, але ён змог натхніць тысячы і тысячы. Я перакананы, гэта вельмі важная гісторыя для натхнення», — заявіў журналістам Марк Уолберг, тлумачачы прычыну свайго захаплення кс. Сцюартам Лонгам. Сам Уолберг атрымаў каталіцкую адукацыю ў школе Бостана. |