У творы Пушкіна «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» не варта
рабіць цэнзурныя праўкі. Пра гэта журналістам распавёў старшыня
выдавецкага савета Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Калужскі і
Бароўскі Клімент. Напісаная ў 1831 годзе казка не выдавалася пры жыцці Пушкіна. Упершыню яна была надрукавана Васіліем Жукоўскім ў 1840 годзе з праўкамі, якія дазвалялі прайсці цэнзуру: так, поп быў заменены на купца Кузьму Асталопа. Упершыню аўтарскі варыянт выйшаў толькі праз 40 гадоў, але і ў далейшым часта тэкст выходзіў з праўкай Жукоўскага.
У прыватнасці ў лістападзе СМІ паведамлялі пра публікацыю «Казкі пра купца Кузьму Асталопа» на Кубані.
«Гэта класіка, ну як яе змяняць. Рэдагаваць Пушкіна я не бяруся», — сказаў Мітрапаліт Клімент, каментуючы ініцыятыву некаторых святароў пра выданне змененага тэксту казкі Пушкіна. Да такіх ініцыятыў іерарх, аднак, паставіўся з разуменнем.
«Людзі клапоцяцца пра вобраз Царквы, і ў кагосьці сапраўды ўзнікае спакуса», — сказаў кіраўнік выдавецкага савета. Адзначыўшы, што ў паэта, верагодна, была нагода напісаць менавіта такую казку, Мітрапаліт падкрэсліў, што Пушкіна «трэба прыняць па-хрысціянску», тым больш што казка — гэта «не гістарычны твор». «Пушкіна абавязкова трэба чытаць, таму што гэта — стандарт рускай мовы. Ён быў рэлігійным чалавекам, ён ведаў Святое Пісанне», — нагадаў Мітрапаліт Клімент.
«У пэўныя гады ён вёў жыццё, тыповае для маладога чалавека, але ён ад веры ў Бога ніколі не адракаўся, вось гэта вельмі важна», — дадаў кіраўнік выдавецкага савета РПЦ. Іерарх параіў пачытаць перапіску Пушкіна з Мітрапалітам Філарэтам, якая можа патлумачыць чытачам некаторыя аспекты біяграфіі паэта. Таксама, паводле слоў Мітрапаліта Клімента, варта чытаць Евангелле, таму што гэта «не толькі аснова хрысціянства, але і аснова рускай культуры».
Паводле ria.ru (IL)
|