У Шатландыі прайшла сустрэча прэс-сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў |
22.11.2016 12:15 |
З 16 па 19 лістапада ў шатландскім горадзе Глазга адбылася сустрэча біскупаў, адказных за камунікацыі ў мясцовых Канферэнцыях Біскупаў, а таксама прэс-сакратароў епіскапатаў, якія ўваходзяць у Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ). Падчас сустрэчы былі абмеркаваны выклікі, якія стаяць сёння перад сродкамі масавай камунікацыі. У падсумаваным камюніке, апублікаваным 21 лістапада, адзначаецца, што сустрэча стала нагодай засяродзіцца на розных актуальных пытаннях: асвячэнне ў СМІ тэмы міграцыі, сустрэчы сем’яў у Дубліне ў 2018 годзе, 500-годдзе Рэфармацыі і 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў. У сустрэчы прыняў удзел і кс. Дарыё Вігана, прэфект сакратарыяту па пытаннях камунікацыі Святога Пасаду, які прадставіў паслядоўнасць рэформы ватыканскіх СМІ. На сустрэчы была прааналізавана роля каштоўнасцяў у сучасным грамадстве. «У эпоху, якую вызначае моцны індывідуалізм, дзе асоба, яе прагненні і эмоцыі становяцца мераю кожнага рашэння і камунікацыі, асабістыя сведчанні ўласных перакананняў здаюцца найважнейшымі і найбольш эфектыўнымі», — адзначаецца ў камюніке РБКЕ. У святле таго, што «ў касцёльнай камунікацыі сведчанне з’яўляецца першай каштоўнасцю», удзельнікі сустрэчы абмеркавалі прыклады таго, як каштоўнасці выкарыстоўваюцца ў свеце маркетынгу, палітыкі і кінематаграфіі. Таксама ўдзельнікі наведалі тэлестудыю BBC у Глазга. Наступная сустрэча пройдзе ў Сафіі 7-10 чэрвеня 2017 года. |