Дзве тысячы святых Мікалаяў прынялі ўдзел у дабрачынным мотапрабегу ў Польшчы |
05.12.2016 08:37 |
Каля дзвюх тысяч святых Мікалаяў на матацыклах, скутарах і квадрацыклах праехала ў нядзелю 4 снежня праз Труймяста (Польшча). Вялікі парад Мікалаяў на матацыклах праходзіць ужо 14 год запар.
Дзякуючы акцыі было сабрана каля 70 тысяч злотых на пасылкі і пасілкі для патрабуючых дзяцей з Памераніі.
Парад распачаўся ў скверы імя Касцюшкі ў Гдыні, адкуль яго ўдзельнікі вырушылі праз галоўную транспартную артэрыю да Гданьска. 26-кіламетровы праезд скончыўся перад стадыёнам Энерга.
Як адзначыў Пётр Левандоўскі з Труймясцкага таварыства матацыклістаў, якое з’яўляецца арганізатарам акцыі, у парадзе прыняло ўдзел каля дзвюх тысяч святых Мікалаяў. Умовай удзелу ў праездзе было пераапрананне ў строй св. Мікалая або выкуп цаглінкі коштам 25 або 30 злотых. Такім чынам было зароблена каля 50 тысяч злотых. «Сродкі пойдуць на адукацыйныя мэты ў рэгіёне. Яны будуць служыць для аплаты харчавання патрабуючым дзецям і моладзі», — патлумачыў Левандоўскі.
Яшчэ перад парадам яго арганізатары сабралі на сваім адмысловым банкаўскім рахунку больш за 20 тысяч злотых, якія пойдуць на падрыхтоўку падарункаў з цукеркамі для дзяцей, якія прабываюць у дамах дзіцяці, шпіталях і хоспісах. «Гэта будуць каля 500 дзяцей, якіх мы наведаем пасля параду, — сказаў Левандоўскі. — У пасылках — садавіна, пячэнне, цукеркі, а таксама адмысловы мікалаеўскі шалік на памяць пра акцыю».
Паводле deon.pl (IL)
|