Браты ў Тэзэ прынялі мусульманскіх бежанцаў |
09.12.2016 12:09 |
Ужо шмат гадоў супольнасць братоў з Тэзэ прымае бежанцаў, аднак у мінулым годзе ўпершыню да іх трапіла першая група мусульман. Гэта даўнія жыхары лагера для бежанцаў у Кале (паўночная Францыя), ліквідаванага французскім урадам. На сёння ў французскай вёсцы Тэзэ прабывае каля 40 бежанцаў-мусульманаў з Судана, Эрытрэі, Сірыі і Афганістана. «Канешне, была няпэўнасць, хто да нас прыедзе. Мы не выбіралі іх, яны паміж сабой таксама пазнаёміліся толькі ў аўтобусе. Але, калі мы з імі сустрэліся і паразмаўлялі, то ўсе страхі развеяліся. У гэтых людзей нечуваныя і часта драматычныя гісторыі. Гісторыі ўцёкаў маладых людзей, якія не хочуць забіваць, якія бягуць ад смерці», — адзначае ў размове з КАІ брат Марэк. Браты з Тэзэ ўзялі на сябе комплексную апеку над бежанцамі: тлумачаць французскую мову, вырашаюць розныя адміністрацыйныя пытанні, забяспечваюць месца пражывання і ежу, спрыяюць падрыхтоўцы да самастойнага існавання. Істотную дапамогу аказваюць і мясцовыя жыхары. Браты кажуць пра «хвалю салідарнасці», прыкладам якой з’яўляецца, між іншым, група з 40 валанцёраў, якія выказалі гатоўнасць вучыць бежанцаў французскай мове. Многія жыхары падтрымліваюць іх і матэрыяльна. «Кожны з бежанцаў мае тут “сваю” сям’ю, якая ім апякуецца, а таксама запрашае на супольныя пасілкі і ў паездкі. Разам мы дапамагаем ім знайсці працу, хоць яны ўжо дастаткова самастойныя. І яны будуць заставацца з нам столькі, колькі будзе патрэбна», — падкрэсліў духоўнік. Прабыванне бежанцаў-мусульман у Тэзэ — гэта таксама практычная лекцыя міжрэлігійнага дыялогу. Браты кажуць, што самі могуць шмат чаму навучыцца ад гэтых людзей, бо яны вельмі рэлігійныя і моляцца пяць разоў на дзень. Кожную пятніцу яны збіраюцца ў мясцовай мячэці. Моляцца разам перад спажываннем ежы. Апека над бежанцамі — ініцыятыва, якая існуе ў супольнасці ад самага яе заснавання ў Тэзэ. Ужо ў часы Другой сусветнай вайны брат Ражэ дапамагаў і даваў сховішча яўрэям, а адразу пасля вайны браты прынялі 20 бежанцаў з розных краін. У пазнейшыя гады яны прымалі ўдоваў з дзецьмі з Індакітая, сем’і з Руанды і Балканаў. Паводле deon.pl |