Бі-Бі-Сі прызнала недарэчнай сваю крытыку ў бок Касцёла ў перадачы пра Халакост |
12.12.2016 13:59 |
Брытанская дзяржаўная тэлерадыёкампанія назвала памылковай сваю перадачу, у якой сцвярджалася, што Каталіцкі Касцёл не аказваў супраціву нацысцкаму тэрору. У перадачы, якая выйшла летам гэтага года, прагучала, што «толькі маўчаннем адказаў Касцёл на дэманізацыю яўрэяў нацысцкай Германіяй, а пазней на спробу знішчыць яўрэяў у Еўропе». У адказ на гэта сябра брытанскай Палаты Лордаў Дэвід Альтон, католік па веравызнанні, і каталіцкі святар Леа Чэмберлейн звярнуліся з афіцыйным зваротам, у якім адзначылі неаб’ектыўнасць стужкі. Амаль праз паўгода камісія рэдакцыі Бі-Бі-Сі па скаргах заключыла, што перадача была ілжывай. «Перадача не адлюстроўвае публічныя заявы Пантыфікаў і спробы ратаваць яўрэяў ад нацысцкага прыгнёту, якія рабіліся па інструкцыях Папы Пія ХІІ», — гаворыцца ў заключэнні камісіі. Рашэнне камісіі было даведзена да рэдакцыі, якая нясе адказнасць за з’яўленне неаб’ектыўнай перадачы. Аляксандр Гелагаеў |