Вікарый Алепа: ліст Папы Францішка Прэзідэнту Сірыі стаў гістарычным жэстам |
16.12.2016 08:56 |
Ліст Прэзідэнту Сірыі Башару Асаду, які Папа Францішак перадаў яму праз Апостальскага Нунцыя ў Дамаску кардынала Марыё Дзенары, стаў «гістарычным жэстам» і «знакам надзеі для ўсіх». Пра гэта заявіў Апостальскі вікарый Алепа для католікаў лацінскага абраду біскуп-францысканец Джордж Абу Хазен. «Ролю Святога Айца высока цэніць большасць сірыйцаў — і тыя, хто падтрымлівае ўрад, і тыя, хто выступае супраць яго; і хрысціяне, і мусульмане», — заявіў біскуп Абу Хазен. «На фоне адсутнасці заходніх паслоў у Дамаску рашэнне Ватыкана пакінуць тут свайго прадстаўніка і рашэнне Папы ўзвесці Нунцыя ў кардынальскі чын сталі знакамі ўвагі і любові. Кіраўніцтва і насельніцтва краіны высока ацанілі гэтыя рашэнні». У сваім пасланні Асаду Пантыфік рашуча асудзіў «экстрэмізм і тэрарызм», якія з’яўляюцца асновай гвалту. Папа выразіў салідарнасць з сірыйскім народам, які за пяць гадоў канфлікту страціў сотні тысяч забітымі і мільёны бежанцамі. Пантыфік таксама заклікаў кіраўніка сірыйскай дзяржавы «забяспечыць поўнамаштабнае выкананне міжнароднага гуманітарнага права ў тым, што датычыць абароны мірных грамадзян і доступу да гуманітарнай дапамогі». Сірыйская дзяржаўнае агенцтва навін «Сана» апублікавала ўрыўкі з папскага ліста, а сірыйскія тэлеканалы і газеты шырока асвячалі сустрэчу Нунцыя з прэзідэнтам краіны. «Для нас у Алепа і ў многіх іншых рэгіёнах краіны насталі дні надзеі — мы чакаем поўнага вызвалення і аб’яднання горада», — адзначыў прэлат. Да вайны Алепа — другі па велічыні горад Сірыі — быў эканамічным і гандлёвым цэнтрам краіны. З 2012 года заходняя частка горада, у якой пражывала 1,2 млн чалавек, засталася пад кантролем войск ураду, а ўсходняя, з яе 250 тысячамі жыхароў, была захоплена джыхадыстамі. |