«Узброеныя канфлікты, якія трываюць зараз на Блізкім Усходзе, могуць быць вырашаныя толькі тады, калі дойдзе да зменаў у ісламе», — лічыць арцыбіскуп Вены кардынал Крыштаф Шонбарн.
«Рэлігійныя групы ў ісламе павінны навучыцца ўзаемнай цярпімасці, а мусульманскія мігранты безумоўна павінны прыняць рэлігійную свабоду тых краін, у якія яны прыбываюць», — сказаў арцыбіскуп Вены ў інтэрв’ю нядзельнаму выпуску аўстрыйскай газеты «Кур’ер».
Спасылаючыся на перасцярогі адносна мусульман, кардынал падкрэсліў, што «быць супраць чагосьці — гэта не рашэнне. Калі мы перакананыя ў тым, што хрысціянскія каштоўнасці маюць важнае значэнне для жыцця, то пераканаўча будзем набліжаць веру да тых, хто прыходзіць да нас. І невыпадкова, што шмат мусульман у нас хоча перайсці ў хрысціянства», — сказаў кардынал Шонбарн.
Сённяшнюю сітуацыю ў ісламе старшыня аўстрыйскага епіскапату параўнаў з перыядам Трыццацігадовай вайны 500 гадоў таму. Вайна 1618-1648 гг. была адным з найбольш крывавых канфліктаў на тэрыторыі Свяшчэннай Рымскай Імперыі для нямецкага народа. У гэтай вайне загінула каля мільёна чалавек.
На думку кардынала, гэта была рэлігійная вайна паміж пратэстантамі і католікамі, у якой таксама ішла размова пра першынство.
«Вынікам той вайны пасля цяжкага працэсу ачышчэння стала прасвятленне і цярпімасць паміж пратэстантамі і католікамі, што — як мы спадзяёмся — таксама адбудзецца ў ісламе, — сказаў кардынал Шонбарн. — Чаму б і ў ісламе не ўзяць верх “сілам рэгенерацыі”, якія б прынеслі сапраўднае духоўнае абнаўленне і дакладнае “не” гвалту», — спытаў іерарх і дадаў, што спадзяецца на гэта.
Адначасова ён засцярог ад заўчаснага аптымізму, таму што «вайна паміж шыітамі і сунітамі з яе цяперашнім напружаннем — гэта толькі пачатак». На думку кардынала, сітуацыя ўскладняецца тым, што канфлікт стаў глабальным, у чым эксперты бачаць «найглыбейшы крызіс», які ў сваёй гісторыі перажывае іслам.
Паводле CREDO (IL)
|