Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў асвяціў святыню ва Украіне
21.12.2016 12:30

«Штодзённасць, сатканая з беднасці, вайны, з тысячы братоў, якія засталіся без дома і не маюць нічога, з карупцыі і разнастайных падзелаў», прымушае страціць веру ў будучыню і шукаць бяспеку і стабільнасць. З такімі словамі кардынал Леанарда Сандры звярнуўся да вернікаў Мукачава.

Ватыканскі іерарх прыбыў ва Ураіну, каб асвяціць царкву святых Кірыла і Мятода ў Мукачаве.

Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў указаў мясцовай супольнасці на сімвалічны і ў той жа час канкрэтны арыенцір: алтар, які сімвалізуе «камень, адкінуты будаўнікамі, які Бог учыніў галавою вугла». Гаворка ідзе пра памерлага і ўваскрослага Хрыста, падкрэсліў кардынал, пра якар нашага выратавання «ад шматлікіх праяваў крохкасці гэтага свету і нашых чалавечых задумаў». Нават паміж вучнямі Пана, як адзначыў кардынал Сандры, якія вызнаюць адну і тую ж веру і атрымліваюць адзін хрост, здараюцца рознагалоссі і сутыкненні.

У асвячэнні святыні ў Мукачаве прымалі ўдзел біскупы візантыйскага і лацінскага абрадаў і шматлікія вернікі, якія выстаялі трохгадзіннае набажэнства, нягледзячы на мароз.

Кардынал Сандры пажадаў прысутным быць святлом свету і соллю зямлі, а таксама каб удзел у літургіі натхняў на справы міласэрнасці, дапамогу і салідарнасць дзеля супольнага дабра.

Прэфект ватыканскага ведамства працытаваў Апостальскі ліст святога Яна Паўла ІІ Egregiae virtutis (пра евангелізацыйную місію): «Маё жаданне і надзея — каб... знікла ўсё, што падзяляе Касцёлы, а таксама народы і краіны; і каб адрозненне традыцый і культур праяўлялася ва ўзаемадапаўненні ў супольным багацці».

«Няхай Еўропа, — дадаў прадстаўнік Святога Пасаду, — нанова адшукае святло Евангелля як крытэрый, які натхняе на дзеянні, у цэнтры якіх — чалавек і яго годнасць».

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.