Украіна на святы атрымала «папскую дапамогу» |
26.12.2016 11:12 |
Першы транш дапамогі ахвярам гуманітарнага крызісу ва Украіне будзе размеркаваны ад імя папы Францішка на Божае Нараджэнне. Аб гэтым паведаміла Папская рада «Cor Unum». Гаворка ідзе пра 6 мільёнаў еўра, якія размяркуюць сярод 2 мільёнаў жыхароў усходняй Украіны, незалежна ад іх рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці, у першую чаргу, у Данецкім, Луганскім, Запарожскім, Харкаўскім і Дняпроўскім рэгіёнах. Грошы паступаюць з фонду, сфарміраванага пасля абвешчанага 24 красавіка 2016 г. Папам збору сродкаў у касцёлах усёй Еўропы для ахвяр канфлікту ва Украіне. Вернікі ахвяравалі ў той дзень 12 мільёнаў еўра. Для таго, каб размеркаваць дапамогу быў прызначаны мясцовы тэхнічны камітэт з цэнтрам у Запарожжы, на чале з дапаможным біскупам Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Янам Сабілам, які супрацоўнічаў у гэтым пытанні з Апостальскім Нунцыем у Кіеве, арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Камітэт, які дзейнічае з ліпеня, адабраў праекты хрысціянскіх дабрачынных арганізацый і міжнародных устаноў, якія будуць фінансавацца з сабраных грошай. Гэта — 20 «буйнамаштабных» праектаў — да 250 тыс. еўра кожны, і 39 ініцыятыў салідарнасці у галіне харчовай дапамогі, забеспячэння жыллём, медыцынскай і гігіенічнай падтрымкі — да 20 тыс. еўра. Згодна з апошняй справаздачай Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў, канфлікт, які ўсё яшчэ працягваецца на ўсходзе Украіны, з красавіка 2014 г. да 1 снежня 2016 г. прынёс 9758 смяротных ахвяр, 22 779 чалавек атрымалі раненні. Абвяшчаючы ў красавіку 2016 г. збор ахвяраванняў на карысць ахвяр канфлікту ва Украіне, Пантыфік падкрэсліў, што гэты акт міласэрнасці мае на мэце не толькі палягчэнне матэрыяльнага становішча, але і спрыянне міру і павазе да правоў мірнага насельніцтва, перш за ўсё, пажылых людзей і дзяцей. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё |