Малі: Божае Нараджэнне пад аховай паліцыі |
27.12.2016 12:39 |
Католікі з горада Гао (Малі) упершыню за чатыры гады святкавалі Божае Нараджэнне ў сваім касцёле. Мясцовая парафія паволі адраджаецца пасля таго, як у 2012 годзе джыхадысты ўвялі закон шарыяту і спалілі святыню. Некалькі соцень вернікаў мусілі тады ратавацца ўцёкамі. Горад Гао, большасць насельніцтва ў якім — мусульмане, быў вызвалены дзякуючы ўмяшальніцтву французскіх войскаў у 2013 годзе. Аднак хрысціяне пачалі вяртацца туды не адразу, усцяж асцерагаючыся пераследу. На сціплую Пастэрку ў адбудаваным касцёле прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, што склала прыкладна палову з амаль 150 вызнаўцаў Хрыста, якія цяпер жывуць у гэтым горадзе. Да вайны іх налічвалася ў два разы больш. Падчас святочных урачыстасцяў касцёл ахоўвала паліцыя. У Гао па-ранейшаму сітуацыя небяспечная. Так у Вігілію быў выкрадзены швейцарскі супрацоўнік з арганізацыі, якая там аказвае дапамогу. «Божае Нараджэнне нясе нам радасць нягледзячы на небяспеку», — сцвердзіў кс. Афеку Антэра з Уганды, які цэлебраваў святочную літургію. «У гэтую ноч Бог спаслаў нам свайго Сына як Князя Спакою. Спакой павінен панаваць у нашых сэрцах, сярод хрысціянаў і ў нашай краіне. Гэта асабліва важна для Малі, дзе нам так патрэбны спакой, згода і еднасць», — падкрэсліў святар. Хрысціяне з’явіліся ў Малі ў часы, калі гэтая краіна была французскай калоніяй. За чатыры гады да гэтага баевікі Аль-Каіды абавязалі жыхароў Гао падпарадкоўвацца суровым ісламскім законам, аднак у горадзе ў адносінах да хрысціян захоўвалася талерантнасць. Паводле КАІ (VGr) |