Кітай: у Пекіне распачалося IX пасяджэнне «патрыятычнага» Касцёла |
29.12.2016 09:35 |
З удзелам 59 біскупаў, святароў і свецкіх вернікаў, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўнай улады 26–30 снежня ў Пекіне праходзіць ІХ сход Патрыятычнай Асацыяцыі Кітайскіх Католікаў (PSKCh) і Рады Каталіцкіх Біскупаў. Дэвіз форуму — аўтаномія Касцёла ў Кітаі, што на практыцы азначае яго незалежнасць ад Папы. Ван Цзоань, дырэктар Дзяржаўнага праўлення па справах рэлігій, у прывітальным слове запэўніў, што ўлады Кітая чакаюць канструктыўнага дыялогу з Ватыканам, але адначасова дадаў, што католікі павінны «трымаць высокі стандарт патрыятызму». Ван Цзоань падкрэсліў, што асацыяцыя (PSKCh) мае права прызначаць сваіх біскупаў, не чакаючы рашэння з Ватыкана. Паводле патрабаванняў Пекіна, адна з галоўных умоваў магчымага будучага збліжэння бакоў — спыненне дыпламатычных адносін Апостальскай Сталіцы з Тайванем. Прадстаўнікі Ватыкана ў сваю чаргу шматразова падкрэслівалі, што гатовы на гэты крок, але таксама чакаюць, што і Кітай адмовіцца ад абмежаванняў, накладзеных на мясцовы Каталіцкі Касцёл, перш за ўсё даючы Папу магчымасць свабодна прызначаць біскупаў і прымаць іншыя рашэнні адносна Касцёла ў гэтай краіне. На сёння ў КНР фактычна існуюць два Каталіцкіх Касцёлы. Афіцыйны Касцёл, біскупы якога прызначаюцца кітайскімі ўладамі без абмеркавання за Святым Пасадам, налічвае каля шасці мільёнаў чалавек. Падпольны, па даных СМІ, — каля 12 мільёнаў. Паводле КАІ (VGr) |