Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сотні сем’яў Панамы гатовы прыняць пілігрымаў на СДМ-2019
31.12.2016 09:00

Пасля таго, як стала вядома, што ў Панаме ў 2019 годзе пройдуць наступныя Сусветныя дні моладзі, сотні панамскіх сем’яў звярнуліся ў парафii, каб прапанаваць свае дамы для маладых пілігрымаў, якія прыбудуць у гэту краіну.

Пра гэта паведаміў выканаўчы сакратар СДМ у Панаме Вiктар Чэнг.

Ён адзначыў, што менавiта парафii будуць адказваць за размяшчэнне пілігрымаў у «прымаючых сем’ях». Акрамя таго Чэнг падкрэсліў неабходнасць правядзення папярэдняга апытання ў парафіях для падліку дакладнай колькасці сем’яў, гатовых прыняць пілігрымаў.

Выканаўчы сакратар удакладніў, што прымаючым сем’ям неабходна забяспечыць усе ўмовы, якія адказваюць патрабаванням бяспекі і гігіены, а перадусiм гарантаваць пілігрымам адпачынак, доступ да санітарных аб’ектаў, сумеснае баўленне часу, а таксама назіранне за станам здароўя гасцей.

Луіс Поне, супрацоўнік аддзела па кіраванні лагістыкай, пацвердзіў гатоўнасць аказваць садзейнічанне ў размеркаванні пілігрымаў па школах, спартзалах, лагерах i парафіяльных залах.

Арцыбіскуп Панамы мансеньёр Хасэ Дамінга Ульоа распавёў, што ідэя правесці СДМ у Панаме ўзнiкла ў 2013 годзе падчас святкавання стварэння першай каталіцкай дыяцэзіі на амерыканскім кантыненце — Санта-Марыя-дэ-ла-Антыгуа-Дар’ен.

«Мы бачылі, што СДМ — гэта цудоўная падзея для моладзі, падчас якой яна не проста добра бавіць час, а па-сапраўднаму адчувае Касцёл і лучнасць з ім; мы падумалі пра мноства маладых людзей, асабліва ў нашым рэгіёне, якія з прычыны эканамічных фактараў не могуць прыняць удзел у гэтым свяце», — заявіў ён.

«Таму разам з біскупам Цэнтральнай Амерыкі мы напісалі ліст папу Францішку, звяртаючыся да яго з просьбай аб правядзенні СДМ у сталіцы Панамы».

У сваю чаргу кардынал Кевін Фарэл, адказны за правядзенне СДМ-2019 у Панаме, падчас свайго першага візіту ў краіну падкрэсліў, што гэта «будзе гістарычны момант для Касцёла і для ўсёй нацыі ў цэлым».

Кардынал таксама адзначыў, што жыхары Панамы маюць «вялікае сэрца» і «адкрытыя на ўвесь свет», а таксама «валодаюць усiмi магчымасцямi», неабходнымi для правядзення СДМ.

Паводле aciprensa.com,
пераклад з iспанскай мовы Кацярыны Сапожнiкавай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.