Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў пройдзе ва ўсім свеце
02.01.2017 17:34

На тэму «Прымірэнне — любоў Хрыста ахапіла нас», узятую з Другога Паслання да Карынцянаў, з 18 па 25 студзеня 2017 г. ва ўсім свеце будзе праводзіцца Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.

Таксама і ў Беларусі хрысціяне розных канфесій будуць наведваць храмы брацкіх Цэркваў і маліцца разам за поўнае і бачнае адзінства паслядоўнікаў Хрыста. Сёлета тэксты для экуменічнай малітвы падрыхтавалі хрысціяне Германіі.

Як адзначае ў сваіх матэрыялах нямецкая падрыхтоўчая камісія, на гэты год прыпадае 500-годдзе Рэфармацыі, што знайшло ў іх сваё адлюстраванне. Тут падкрэсліваецца два аспекты: з аднаго боку прысутнічае цэлебрацыя Божай любові і ласкі, што звяртае ўвагу на асноўны клопат Цэркваў, якія выраслі з Рэфармацыі Марціна Лютэра, а з іншага боку, у матэрыялах падкрэсліваецца боль, выкліканы наступнымі глыбокімі падзеламі, што паўплывалі на Касцёл, з адкрытым указаннем на віну і крокі на шляху да прымірэння.

З 81 млн жыхароў Германіі 50 млн — хрысціяне. Каля адной траціны — гэта лютэране, адна траціна з’яўляецца католікамі, і менш траціны не вызнаюць ніводнай з рэлігій. 1,7 працэнта насельніцтва складаюць праваслаўныя, яшчэ 1,8 працэнта належаць да адной з так званых свабодных цэркваў, 4,9 працэнта нямецкага насельніцтва — гэта мусульмане, 0,1 працэнта — юдэі.

Упершыню ідэя міжканфесійнай малітвы аб адзінстве хрысціян з’явілася ў ХІХ ст.

У цяперашнім фармаце Тыдзень малітваў праводзіцца з 1908 г. па ініцыятыве кс. Пола Уотсана. Сёння, гэта цыклічнае святкаванне экуменізму. Кожны год, з 18 да 25 студзеня, хрысціяне розных канфесій ва ўсім свеце збіраюцца разам на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртаах і іншых мерапрыемствах.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.