Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Парыжы пройдзе V Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум
03.01.2017 09:59

9–12 студзеня ў Парыжы пройдзе V Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум, арганізаваны Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і праваслаўнымі Цэрквамі з нашага кантынента.

Трохдзённая сустрэча з удзелам 12 прадстаўнікоў кожнага з бакоў будзе праходзіць на тэму «Еўропа перад абліччам страху ад тэрарызму і выклікамі фундаменталізму. Вартасць асобы і рэлігійная свабода».

10 студзеня сесіі форуму будуць прысвечаны абмеркаванню наступных пытанняў: парушэнне права на рэлігійную свабоду, што праяўляецца ў неталерантнасці, дыскрымінацыі і пераследах; фундаменталізм і тэрарызм; грамадская згуртаванасць і з’ява страху — місія ўрадаў і ўклад Касцёла, дзяржава закону; ангажаванасць Цэркваў у кіраванні канфліктамі, а таксама ў падтрымцы супольнага дабра і салідарнасці. Кожная з гэтых тэм будзе мець двух дарадчыкаў — каталіцкага і праваслаўнага.

11 студзеня пройдзе сесія на тэму абвяшчэння Езуса Хрыста як адказу на пагрозу з боку як фундаменталізму, так і тэрарызму. На гэты ж дзень запланаваны дзве працоўныя сустрэчы, прысвечаныя выніковаму пасланню дадзенага форуму.

На 12 студзеня прадугледжаны яшчэ дзве сесіі, на якіх будзе скончана дыскусія на тэму паслання і адбудзецца яго зацвярджэнне. Удзельнікі таксама абмяркуюць далейшыя супольныя крокі.

Даведка
Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум праходзіць з 2008 года. Кожныя два гады прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і праваслаўных Цэркваў збіраюцца разам, каб супольна шукаць адказы на існуючыя ў свеце выклікі. Першы форум праходзіў 11–14 снежня 2008 года ў італьянскім Трыдэнце на тэму «Сям’я — дабро чалавецтва». Пасяджэнне другога форуму праходзіла 18–22 кастрычніка 2010 года і было прысвечана «Адносінам паміж дзяржавай і Касцёлам». Трэці форум быў сабраны ў Лісабоне 5–8 чэрвеня 2012 года, дзе абмяркоўвалася тэма «Гаспадарчы крызіс і беднасць — выклікі для сённяшняй Еўропы». Чацвёрты форум праходзіў 2–6 чэрвеня 2014 года ў Мінску на тэму «Рэлігія і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх цэркваў у Еўропе».

Паводле КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.