Каталікос Арам I сустрэў Божае Нараджэнне на руінах Алепа |
10.01.2017 10:53 |
У Вігілію Божага Нараджэння, якое Армянская Апостальская Царква адзначала 6 студзеня, армянскі Кілікійскі Каталікос Арам І прыбыў у Сірыю, дзе ў Алепа іерарха сустракалі кіраўнікі Армянскай Каталіцкай і Армянскай Евангельскай Цэркваў, а таксама кіраўнік Берыйскай епархіі Армянскай Апостальскай Царквы.
Пра гэта паведамляе Дэпартамент інфармацыі і камунікацыі Вялікага Дома Кілікійскага. У Алепа Арам І наведаў усе армянскія абшчыны, у тым ліку разбураныя армянскія святыні, армянскую семінарыю, руіны ўзарванага да фундамента кафедральнага сабора Берыйскай епархіі ў гонар 40 пакутнікаў, пабудаванага ў XV стагоддзі, а таксама школы і гарадскія раёны, дзе пражывалі або ўсё яшчэ жывуць армяне. Былі ўзнесены малітвы за мір ў Сірыі.
Каталікоса суправаджалі ваенныя сірыйскай арміі, мэр горада Алепа, а таксама хрысціянскія і ісламскія лідары Сірыі. Разам з імамамі Арам І наведаў Вялікую мячэць Амейядаў. «Разбурэнні ў Алепа жахлівыя. Немагчыма словамі пераказаць убачанае. Гэта падобна да сцэны разбуранага падчас Другой сусветнай вайны Берліна», — сказаў Арам І. Апошнім пунктам быў раён Нор Гехі (з армянскага — новае сяло), які патрулюецца армянскімі апалчэнцамі. «Ваша місія сапраўды абараніла армянаў Алепа», — сказаў байцам Арам І. Арам І памаліўся за загінулых апалчэнцаў. Ён выказаў захапленне гераізмам сірыйцаў, якія змаглі стаць на абарону краіны, а таксама падкрэсліў, што Армянская Царква працягне аказваць дапамогу Сірыі. Да вайны ў Сірыі пражывала каля 190 тысяч армян (у асноўным — нашчадкі армян з шасці правінцый Заходняй Арменіі, дэпартаваных младатуркамі ў гады генацыду ў сірыйскую пустыню Дэйр-эз-Зор). За гады ўзброенага канфлікту большасць армян эмігравала з краіны. Па неўдакладненых даных у краіне засталося жыць не больш за 20-25 тысяч армян.
Большасць сірыйскіх армян эмігравалі ў суседні Ліван, дзе яны атрымліваюць усю неабходную дапамогу ад Кілікійскага Каталікоса, у Арменію, дзе ўрад арганізоўвае не толькі дапамогу ў самой краіне, але і дапамагае з пераездам з Сірыі. У Арменіі сірыйскія бежанцы атрымоўваюць дапамогу як ад ураду, так і ад Першапрастольнага Эчміадзіна. Значныя сродкі Армянскай Царквы для сірыйцаў прадстаўляюць армяне дыяспары. Сірыйскім бежанцам у Арменіі дапамагае і каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Caritas». Армянская Апостальская Царква ў Сірыі мае дзве епархіі — Берыйскую з рэзідэнцыяй у царкве 40 пакутнікаў у Алепа, разбуранай баевікамі Ісламскай дзяржавы, і Дамаскую з рэзідэнцыяй епіскапа, якога прызначае Эчміадзін, у царкве святога Саркіса ў сірыйскай сталіцы. Таксама дзейнічаюць каталіцкая і евангельская армянскія абшчыны. Паводле sib-catholic.ru |