Егіпет: мусульмане абараняюць права хрысціян будаваць святыні |
12.01.2017 08:58 |
Хрысціяне маюць права будаваць святыні ў ісламскіх краінах, захоўваючы належную пашану да мясцовых законаў. Такую думку выказалі прадстаўнікі Егіпецкага Дома Фетв, сцвердзіўшы, што трэба рабіць акцэнт на ўзаемнасці міжрэлігійных кантактаў, што павінна перакладвацца і на адносіны паміж дзяржавамі ў справе рознасцяў рэлігійнай тоеснасці. Гэтае станоўчае для хрысціян рашэнне было абнародавана пасля інфармавання прэзідэнта, што ў прыгарадзе Каіра плануецца пабудаваць самы вялікі касцёл і самую вялікую мячэць у гэтай краіне. Мусульманскае кіраўніцтва ў Егіпце выказала таксама сваю пазіцыю адносна віншавання ісламскімі вернікамі хрысціянаў. Некаторыя імамы пад пагрозай пакарання забаранілі гэта чыніць сваім вернікам. У выніку прынята рашэнне, што дадзеныя віншаванні з’яўляюцца натуральнай справай, і мусульмане не павінны гэтага пазбягаць. Як было падкрэслена, вышэй прыведзеныя рашэнні Егіпецкага Дома Фетв былі прыняты з мэтай стрымаць распаўсюджванне ў Егіпце экстрэмісцкага ісламскага вучэння і інструментальнага выкарыстання Карана ў джыхадзісцкім ключы. Егіпецкі Дом Фетв — адукацыйны і даследчы інстытут, заснаваны ў 1895 годзе вядучымі ісламскімі тэолагамі для ісламска-прававых даследаванняў. Установа імкнецца захаваць сучасных мусульман у лучнасці з рэлігійнымі прынцыпамі, адхіліць іх ад сумніўнага, а таксама знаходзіць для іх тэалагічныя рашэнні пытанняў, што ўзнікаюць у сучасным жыцці. КАІ, (VGr) |