Арцыбіскуп Пеццы: візіт Папы ў Маскву ўжо не з’яўляецца праблематычным |
12.01.2017 10:45 |
У гэтыя дні іерарх прымае ўдзел у V Еўрапейскім каталіцка-праваслаўным форуме ў Парыжы, арганізаваным Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКE) і праваслаўнымі Цэрквамі з Еўропы. Узгадваючы гістарычную мінулагоднюю сустрэчу папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў Гаване, арцыбіскуп Пеццы, які з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Расіі, выказаў перакананне, што аднойчы Святы Айцец мог бы прыбыць у Маскву. «Пасля Кубы, або пасля “ўдару”, які быў няпростым для Праваслаўнай Царквы ў Расіі, сёння можна сказаць, што візіт Папы ў гэтую краіну ўжо не з’яўляецца праблемай», — запэўніў арцыбіскуп Паоло Пеццы. Іерарх звярнуў таксама ўвагу, што сярод праваслаўных чуліся незадаволеныя галасы пасля гэтай гістарычнай сустрэчы, але яны былі нешматлікімі, а сёння «гэта ўжо мінулае». На думку арцыбіскупа Пеццы, калі некалі адбудзецца гэтая сустрэча, — ці то ў Маскве, ці то ў Рыме, — гэта «будзе добра для ўсіх». «Але ён [Пантыфік] вельмі тактоўны і не дзейнічае сілай», — дадаў іерарх. КАІ, (VGr) |